Навіны

На Астравеччыне ўспомнілі Казіміра Сваяка

У Баранях на Астравеччыне ўспомнілі Казіміра Сваяка, беларускага святара, нацыянальнага дзеяча і паэта. Пра гэта расказала раённая газета "Астравецкая праўда". Бог адмераў яму на зямлі толькі 36 гадоў. Але за гэты кароткі, напоўнены выпрабаваннямі і цяжкасцямі час Казімір Сваяк паспеў зрабіць столькі, колькі б хапіла не на аднаго чалавека...

У хаце будучага паэта-святара Кастуся Стаповіча размаўлялі па-беларуску, па-польску маліліся, вучыліся чытаць, спявалі рэлігійныя песні і слухалі ў касцёлах казанні, імша была на лаціне, у школе вучылі па-расейску. У сваёй роднай вёсцы Кастусь скончыў пачатковую школу, а ў 1902–1906 гадах вучыўся ў Свянцянскай гарадской трохкласнай вучэльні. У гэты час ён жыў у знаёмых мяшчан, а харчаваўся пераважна сухарамі з чорнага хлеба і малочнымі прадуктамі, якія прывозіў бацька.

У кастрычніку 1907 года Кастусь паспяхова вытрымаў экзамены на званне аптэкарскага вучня перад камісіяй навучальнай акругі ў Пецярбургу, а 24 красавіка 1908 года ў Вільні здае экзамены для паступлення ў духоўную семінарыю і паступае. У гэты час ён удзельнічае ў працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў.

У 1908 годзе Кастусь Стаповіч паступіў у Пецярбургскую духоўную семінарыю. У час вучобы захварэў на сухоты. У тым жа годзе напісаў першы верш “На імяніны майго пробашча”. Зіму 1912-1913 гадоў правёў на курорце ў Закапанэ. Пачынае друкавацца ў газеце “Беларус”. З-за хваробы толькі вясной 1915 года быў высвечаны на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цеплака і атрымлівае прызначэнне вікарыем у Камайскі касцёл. А потым, на радасць, яго пераводзяць у Клюшчаны, што побач з роднай вёскай Барані. Там Кастусь Стаповіч стварыў хор, у касцёле першыя казанні праводзіў па-беларуску, стварыў нелегальны гурток “Хаўрус сваякоў”, адкрыў сем школ і курсы для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў. Падручнікі і школьныя прылады ён прывозіў з Вільні, часта набываў іх за свае грошы. За беларускасць у канцы 1916 года ксяндзя Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну. Там ён таксама спрабаваў увесці беларускую мову ў касцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.

Сам паэт-святар быў вельмі зычлівым і таварыскім чалавекам, і ў яго пастаянна гасцявалі дзеячы беларускай адраджэнскай і мясцовай польскай інтэлігенцыі, частым госцем быў мастак і даследчык Язэп Драздовіч. Акрамя гэтага, ён любіў заходзіць да сялян, пагутарыць і даць патрэбныя ім парады.

Але гэтыя гады былі азмрочаны і праследаваннямі за культурна-грамадскую дзейнасць. У 1921 годзе нехта ў адсутнасць святара ўлез у яго пакой і ператрос усе рэчы. З 15 студзеня 1922 года пракуратура Віленскага акруговага суда праводзіла следства па яго справе, звінаваціўшы ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Летам хворага святара нават трымалі пад хатнім арыштам. Справа была спынена толькі ў сярэдзіне жніўня 1923 года.

Тым часам здароўе ксяндза Стаповіча ўсё больш пагаршалася, нягледзячы на рэгулярныя выезды ў горы. Восенню 1925 года ён апошні раз выязджае ў Закапанэ. Зімой і вясной 1926 года, прадчуваючы сваю хуткую смерць, святар просіць забраць яго з Закапанэ на Бацькаўшчыну, спадзеючыся, што будзе пахаваны на клюшчанскім могільніку “пад клёнам” на тым месцы, якое ён сам сабе выбраў. Напрыканцы красавіка 1926 года ксёндз Адам Станкевіч прывозіць ўжо безнадзейна хворага святара ў Вільню. Ён жа быў з ім пры ягонай смерці...

6 мая 1926 года ксёндз Стаповіч адышоў у Вечнасць. 8 мая у касцёле Святога Мікалая адбылося хаўтурнае набажэнства, пасля чаго труна была перавезена на могілкі Роса.

У прадмове да свайго малітоўніка для беларусаў-каталікоў “Голас душы”(1926), ксёндз Кастусь Стаповіч пісаў: “Мілы Браце Беларусе! Калі Бог пазволіў нам даваць чэсць Яму ў роднай мове нашай, лічыў я патрэбным злажыць вось гэту кніжыцу, каб прыслужыцца патрэбам душы тваёй…Дасць Бог, што як станем роднай мовай Яго хваліці, будуць і слоўцы да таго гладзейшыя, а цяпер даволімся тым, што маем”.

У 10-ю гадавіну смерці паэта-святара на яго магіле быў адкрыты помнік. На мармуровай пліце было напісана: “Св. п. Казімір Сваяк – Кс. Канстанты Стэповіч – паэт – 19. II. 1890 – 6. V. 1926”. Там жа словы з верша Сваяка “Гімн роднай зямлі”.

22 траўня 2016 года ў Вільні Таварыствам Беларускай Культуры ў Літве была ўсталявана дошка ў памяць Казіміра Сваяка, Знаходзіцца яна па адрасе Didžioji g. 17. 

 

 

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты