Навіны

Вітольд Ашурак аспрэчвае незаконны штраф

Грамадскі актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак накіраваў касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Ён аспрэчвае несправядлівы штраф, да якога яго прысудзілі ў Лідскім раённым судзе.

Напомнім, што 17 чэрвеня Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус выйшлі да будынку Лідскага райвыканкаму з плакатам “Мёртвая Дзітва”, інфармуючы такім чынам жыхароў пра небяспеку для здароўя і звяртаючыся да мясцовай улады. Гэта адбылося таму, што на тэрыторыі Лідскага раёна адбылося надзвычайнае здарэнне, па-сутнасці экалагічная катастрофа. Яшчэ 11 чэрвеня 2019 года стала вядома пра моцнае забруджванне ракі Дзітва і мор рыбы. Атручванне рэк Дзітва і Нёман адбылося праз зліў нечыстотаў з ачышчальных збудаванняў Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аднак ніякіх інфармацыйных і іншых дзеянняў па папярэджанні насельніцтва пра небяспеку ўлады Лідскага раёна цягам 6 дзён (!) не зрабілі. 

Мясцовая міліцыя склала на Сяргея Пантуса і Вітольда Ашурка пратаколы пра нібыта адміністрацыйныя правапарушэнні, а Лідскі раённы суд надзвычай хутка (ужо 20 чэрвеня) пастановай старшыні суда Вячаслава Мацука аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь.

Вітольд Ашурак у судзе не адмаўляў факту свайго знаходжання на прыступках райвыканкаму, але сваёй віны не прызнаў і лічыць, што не парушыў заканадаўства.

Сітуацыю каментуе гарадзенскі правабаронца Уладзімір Хільмановіч: "Замоўчванне экалагічнай катастрофы ўладамі з’яўлялася прамым парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Вельмі верагодна, што нейкімі службовымі асобамі было здзейснена злачынства ці шэраг злачынстваў, адказнасць за якія прадугледжаны адразу некалькімі артыкуламі Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – артыкуламі 263, 265, 267, 268. Грамадскія актывісты ў такой сітуацыі былі змушаны самастойна інфармаваць жыхароў Лідскага раёна пра небяспеку для здароўя і звяртацца да мясцовай улады аб прыняцці тэрміновых мераў. Толькі пасля інфармавання Ашурка і Пантуса пачалося афіцыйнае расследаванне прычын бедства, што пацвярджае законнасць і своечасовасць такіх дзеянняў актывістаў па інфармаванні і папярэджанні насельніцтва пра небяспеку для здароўя. Расследаванне прычын забруджвання ракі Дзітва дагэтуль не скончанае, таму суд Лідскага раёна заўчасна кваліфікаваў дзеянні актывістаў як адміністрацыйнае правапарушэнне. А між тым у адпаведнасці з часткай 2 артыкулу 5.1 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем дзеянне, здзейсненае пры абароне жыцця, здароўя, у тым ліку іншых фізічных асобаў, інтарэсаў грамадства, ад супрацьпраўных дзеянняў, якія прычыняюць шкоду". 

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты