Навіны

Як Чапаеў

– Васілій Іванавіч, – пытае Пецька ў Чапаева, – а ты дывізіяй камандаваць змог бы?

– Магу, – адказвае ў задуменні Чапаеў. – І арміяй магу, і цэлым фронтам.

– А інтэрнацыянальнымі войскамі сусветнага пралетарыяту? – крычыць у захапленні Пецька.

– Не, Пецька, не магу. Моваў я іхных не ведаю, – сціпла і з жалем тлумачыць Чапаеў.

   Гэта дыялог з фільма пра Чапаева. Яшчэ раз давялося паглядзець гэтае старое слаўнае кіно. Я проста моцна захварэў, і дакторка ўлажыла мяне ў ложак. Сказала каб ляжаў як немаўля, толькі замест смочкі ў вуснах, трымаў тэрмометр пад пахай. Добрая дакторка. Але зараз не пра яе.

   Паўстала чарговы раз пытанне, што рабіць ляжачаму хвораму, каб крыху развеяць думкі пра нязручнасць свайго становішча і прытупіць непрыемныя адчуванні ад самой хваробы і яе лячэння. Яшчэ з папярэдняга падобнага досведу ведаў, што сярод рознага тыпу дапаможнікаў як адцягнуць увагу ад свайго гаротнага стану, вялікае месца займае тэлевізар. І зноў жа з папярэдняга вопыту на забыўся, што асабіста для мяне гэта яшчэ адна пакута ў дадатак да хваробы. Бо нашае тэлебачанне нішчыла маю нервовую сістэму мацней чым алкаголь. Праўда значна больш чым той алкаголь і дапамагала адвесці думкі ад хваробы. Таму вырашыў рызыкнуць яшчэ разок і прысвяціць прагляду прапанаваных нашаму народу тэлеканалаў цэлы дзянёк без адрыву ад блакітнага экрану.

   Але нечакана для сябе прысвяціў я гэтаму занятку крыху больш часу чым планаваў. Бо з тэлевізарам некалькігадовай даўнасці ўбачыў пэўныя адрозненні і вырашыў іх прааналізаваць. Ну хворы ж! Што яшчэ хацець ад хворага?!

   Прыемна ўразіла адна акалічнасць, якую я папярэднім разам прадказаў. Я тады яшчэ артыкул пра тое напісаў у “Ніву”. Ну так шмат у той час скормлівалі народу праз блакітны экран ідэалагічных вобразаў і прымушалі людзей верыць у падман, ведаючы, што гэта падман, што аж экран чырванеў і не быў ужо такі блакітны. Цэлыя суткі запар так атуплялі, ажно стала страшна, што можна развучыцца чытаць.

   Ну вось, тады я растлумачыў такі стан рэчаў вялікай колькасцю ідэолагаў у Беларусі. Ну нешта ж трэба ім рабіць. А прадказаў тое, што ў хуткім часе гэтая істэрыя пойдзе на спад і набудзе больш дэбільныя формы, якія звычайным гледачом не будуць засвойвацца. І растлумачыў гэта тым, што ідэалогіі то аніякай няма! Ідэолагі ёсць, а ідэалогіі няма. Гэта нашае айчыннае вынаходніцтва. Вось таму тыя ідэолагі выпусцяць увесь пар, а што пасля рабіць самыя баяцца памыліцца. Няма ад чаго адпіхнуцца.

   У нашых суседзяў ва ўсіх моцныя ідэалогіі. І ў палякаў, і ў літоўцаў, і ў латышоў, і ў украінцаў, ну і ў рускіх, вядома ж. Яны там вельмі розныя, часта супрацьлеглыя, але ёсць. А тут няма. Вось ідэолагі і баяцца. Не ведаюць куды паверне флюгер заўтра. Таму ўсё сціпла. Крыху кіраўнік краіны займае час ва ўсіх тэлепакетах. Але не так як раней. Вось даў указанні земляробам, колькі трэба сабраць зерня, і саступіў месца фільмам. Фільмы і старыя, і замежныя, і нават пра Чапаева паглядзець можна. З беларускай мовай толькі засталося як і раней. Ніяк. Ну дык ужо пісаў, што ідэалогіі бракуе.

   А вось засілля расійскіх каналаў то хоць адбаўляй. Там ўсё, і Чапаеў, і ідэалогія. Галоўная тэма там пра тое, як пагана зараз на Украіне. Ну а што ў самой Расіі робіцца, гэта неяк не асабліва распаўсюджаная тэматыка. Прыкладам, тэледыктары проста плююць на такую праблему, што гарыць тайга, а тушыць няма каму і няма за што. Прычым плююць так моцна, што каб плявалі ў правільным кірунку, то тайгу патушылі б.

   Але агульнае ўражанне такое, што глядзець няма чаго ўвогуле. Большую частку часу я тупа пераключаў каналы і ўспамінаў дзяцінства, калі быў толькі адзін канал і глядзець таксама не было чаго. І я марыў тады, у замкнутых межах СССР, хоць раз пабываць на Захадзе, дзе каналаў так многа, што можна выбраць.

   Ну вось зараз іх многа і ў нас, а выбару як не было, так і няма. І зноў, як у дзяцінстве, з’явілася наіўнае жаданне прааналізаваць заходнія тэлепакеты. Ці там ёсць той жаданы выбар? Я то многа раз быў у заходніх краінах. Але тэлевізар не глядзеў. Іншыя заняткі былі. Таму і не прааналізаваў. І, на жаль, не прааналізую. Моваў я іхных не ведаю. Як Чапаеў.

   Віктар Сазонаў.

06.08.2019 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты