Навіны

Гарадзенскія апазіцыянеры пачалі рэгістраваць ініцыятыўныя групы

На сённяшні дзень іх не шмат. Але час на падасу дакументаў яшчэ ёсць.

Пятага верасня кіраўнік гарадзенскай структуры Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў падаў дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў Гарадзенскую-Цэнтральную выбарчую акругу № 51. Ужо шостага верасня ў гэтай камісіі адбудзецца паседжанне, на якім будзе разглядацца пытанне рэгістрацыі ініцыятыўных груп.

А другі вядомы апазіцыйны палітык Мікалай Салянік ужо прайшоў гэтую працэдуру. Яго ініцыятыўная група зарэгістраваная па Гарадзенскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 52. Пасля канфлікту з мінскім кіраўніцтвам партыі АГП, вядомы сваёй актыўнасцю палітык пайшоў на выбары ўжо ў новай палітычнай якасці, і будзе вылучацца не ад партыі, а зборам подпісаў.

Зрэшты, многія з тых, каго будуць вылучаць іх партыйныя структуры, таксама будуць рэгістраваць і ініцыятыўныя групы, каб пад час збору подпісаў больш шчыльна працаваць з выбаршчыкамі. Прыкладам, прадстаўнікі АГП Іван Крук, па Смаргонскай выбарчай акрузе № 59, і Ірына Давідовіч, па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54, або прадстаўнік Хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін па Гарадзенскай-Кастрычніцкай акрузе № 50, або прадстаўнікі Партыі левых Справядлівы свет Павел Станеўскі па Ваўкавыскай выбарчай акрузе № 48, і Сяргей Бузун па Слонімскай выбарчай акрузе № 58.

У астатніх ёсць яшчэ час да 12-га верасня, калі сканчаецца тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.

Ад партыйных структур кандыдатаў ад апазіцыі будзе больш.

05.09.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты