Навіны

505 гадоў з дня бітвы пад Воршай

8 верасня 1514 года прайўла гучная бітва пад Воршай на рацэ Крапіўна. Адбыўся разгром войскамі ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім маскоўскага войска. Адна з найбуйнейшых бітваў у гісторыі Еўропы XVI стагоддзя. Нездарма гэтая дата лічыцца Днём беларускай вайсковай славы.

   7 верасня нашы войскі падышлі да Дняпра паблізу Воршы. Аднак пачынаць пераправу навідавоку, пад лучным боем, не выпадала. Былі б вялікія страты. Каб заблытаць праціўніка, гетман пусціў бродам толькі невялікую частку конніцы. Другая пераплыла раку пад прыкрыццём Аршанскага замку. Калі ж сцямнела, асноўныя сілы пайшлі ўверх па Дняпры і пачалі перапраўляцца праз раку па наплыўным мосце каля вёскі Пашына. На світанку рух палкоў ВКЛ быў заўважаны, але расейскі палкаводзец Іван Чаляднін не пачынаў атакі. Ён саманадзейна чакаў, калі наша войска пераправіцца цалком, каб знішчыць яго. А тым часам Астрожскі рыхтаваўся да бітвы. Наперадзе ён паставіў два конныя палкі і пяхоту з агнявой зброяй. Вершнікі размяшчаліся і ў другой лініі. Флангі трымалі палкі конніцы з лягчэйшым узбраеннем. На правым краі на ўзлеску гетман прыхаваў пад аслонай пяхоты артылерыю. 

   Бітва пачалася раніцай 8 верасня 1514 года. Астрожскі вольна рушыў шыхты вершнікаў, быццам правакуючы праціўніка. Гэта падзейнічала на маскоўцаў, і яны пайшлі ўперад. Разгарэлася сеча. Крытычнае становішча склалася на левым краі. Але нашы ваяры вытрымалі, а затым і пераламалі ход змагання на гэтым участку. Асабліва вызначылася пяхота з рушніцамі ды цяжкаўзброеная конніца. Мужны гетман на баявым кані і з непакрытай галавой з першай хвіліны быў у самых важных месцах. Кіраваў бітвай, натхняючы ваяроў прыкладам і словам. Выдатна выявілі сябе і іншыя камандзіры – Юрай Радзівіл, Іван Сапега, Януш Свярчоўскі. 

   Іван Чаляднін, думаючы, што нашы асноўныя сілы скаваныя ранейшай сечай каля Шугайлава, узмацніў дзеянні свайго другога крыла. Войска Астрожскага, нібыта не вытрымаўшы націску велізарнай масы баярскай конніцы, пачало адступаць да лесу. Маскоўцы ўжо думалі, што перамагаюць. Але нечакана "ўцекачы" расступіліся і нападнікі апынуліся перад артылерыяй і пяхотай з рушніцамі. Залпы ва ўпор рабілі ў іх шчыльных шэрагах жахлівыя спусташэнні. Быццам віхур клаў лес. I маскоўскае войска паказала спіны, ратуючыся роспачнымі ўцёкамі. А за ўцекачамі, секучы, колючы, дратуючы, рушыла імклівая конніца Вялікага Княства. Асабліва лютая сеча была на Крапіўне. Як сцвярджалі тагачаснікі, скрываўленая рэчка запаволіла свой бег ад мноства целаў чужынцаў. 

   Больш як у 60 бітвах перамагаў Кастусь Астрожскі, але Ворша была найслаўнейшай. Тут найбольш выявіўся яго палкаводчы геній. Тут напоўніцу было скарыстанае ўменне адпаведна сілам праціўніка паставіць уласныя шыхты, нанесці ўдары ў патрэбным кірунку, навязаць ворагу сваю тактыку. Гетман ужыў фактар нечаканасці, максімальна выкарыстаў моц агняпальнай зброі ў вырашальны момант і асабістай мужнасцю натхняў ваяроў на гераічны чын.

   Вестка пра Аршанскую перамогу разнеслася па ўсёй Еўропе. Яна трапіла на старонкі многіх хронік і летапісаў. Значэнне вынікаў гэтай бітвы ў тым, што ініцыятыва ў шматгадовай вайне трывала перайшла да ВКЛ. Усе захопленыя Масквой гарады, апрача Смаленску, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца скіраваны супраць нашай краіны таемны альянс Масковіі і еўрапейскіх дзяржаў.

Уладзімір Хільмановіч

08.09.2019

Архіў

Відэа

праваабарончыя сайты