Навіны
Госці з Сілезіі
Апошнія выходныя правёў я са сваёй блізкай сям’ёй з Сілезіі. Мая дваюрадная сястра не была ў маім Доўгім Бродзе звыш трыццаці гадоў. Пабыўка на вярстоцкіх могілках, на магілах дзеда і бабы, наведванне маіх бацькоў было найважнейшай для яе справай. Былі яны проста ў захапленні ад царквы ў Вярстоку і адрамантаванай плябаніі, пра якую ўзгадваў я тыдзень таму назад у гэтым месцы. Прыгожае, восеньскае надвор’е, з шумам дрэў і спеласцю кветак, імгненна ўводзілі нас у настрой суцішанасці і задуменнасці. Размаўляючы, заўважылі мы таксама як чалавек з узростам дарастае да разумення важнасці сямейнай і чалавечай памяці, як важнае быць са сваімі бацькамі ў радасных і сумных справах. Таго патрабуе проста жыццё. На фоне царквы нашы роздумы былі проста пацвярджэннем важнасці духоўнай сферы ў зямной дарозе.
Зразумела, што госці хацелі як найбольш пабачыць на нашым Падляшшы. Маршрут вандроўкі склаў я так, каб не абмінуць Бельска-Падляшскага, Орлі, Гайнаўкі, Нараўкі, Міхалова, Супраслі. З майго боку было вельмі цікавым пачуць іхнія заўвагі і назіранні наконт нашай рэчаіснасці. Муж маёй сястры працуе шафёрам на грамадскім транспарце ў Глівіцах і, даязджаючы да Бельска, паставіў мне простае пытанне: чаму цягам гадзіннай дарогі з Беластока мы на шашы не сустрэлі аніводнага аўтобуса? Камунікацыйнае выключэнне проста яму кінулася ў вочы, маючы прытым на ўвазе напэўна дэмаграфічны і камунікацыйны патэнцыял катавіцка-глівіцкай метраполіі. Цягам нашай вандроўкі і на іншых дарогах не ўдалося нам пабачыць аўтобуса. Жартаўліва я ім тлумачыў, што аўтобусы хіба адляцелі ў вырай разам з бусламі, якія ўжо не прыносяць дзяцей у наш куток свету. Не было таксама зусім відаць людзей на лавачках. Толькі ў Рыбалах акурат адбываліся беларускія дажынкі, якія сцягнулі на фэст усё наваколле. Беларускія спевы былі вельмі даспадобы маім гасцям, таксама як двухмоўныя надпісы ў Арлянскай гміне. Зразумела, што наша размова пайшла пра нямецкія надпісы ў Апольскім ваяводстве, дзе іх значна больш. Калі мы трапілі ў Міхалова, на маё здзіўленне госці затрымаліся перад мясцовай, нядаўна збудаванай ратушай і проста сфоткаліся на фоне будынка з гадзіннікамі. Для іх ратуша ў такой малой мясцовасці выклікала пытанне адкуль тут грошы, каб узводзіць такія шыкарныя збудаванні. Я ім патлумачыў, што бургамістр, часта званы ў народзе «шэйхам», і гміна маюць шчасце, што на іх тэрыторыі ляжаць трубы газаправода «Дружба» і грошы за арэнду зямлі трапляюць у мясцовае самакіраванне. Ну і якасная дарога праз Кнышынскую пушчу з часткова роварнай дарожкай ледзь не ўвяла маіх спадарожнікаў у сапраўдную эйфарыю. «Але то мусіла каштаваць», — круцілі галовамі госці. Прытым трапна заўважылі таксама, што не мінулі мы аніводнага раварыста, а надвор’е проста было створана для роварных паездак. Таксама ў падсумаванні ўражанняў ад паездкі самі адзначылі аграмадную колькасць кукурузных плантацый на нашай зямлі. У іх чагосьці такога вялікага няма, бо збожжавыя культуры там надалей у пашане. От, такія назіранні.
Сам Беласток для маіх гасцей спадабаўся сваёй колькасцю зелені і пасеяных на кальцавых развязках сланечнікаў і палеткамі натуральных кветак. Тут голас узяла жаночая эстэтыка, якая безупынна фоткала асаблівасці беластоцкіх кветак і дрэванасаджэнняў. Мая сястра проста фанатка кветак і зёлак, бо іхні адпачынкавы домік у горах проста патанае ў моры ўсялякай расліннасці. Менавіта ў цішыні гор набіраюць яны сіл для змагання з хваробамі сённяшняга свету. Мужчынская частка сям’і з іхнім сынам, студэнтам, здзіўлялася колькасцю аўтакомісаў у нашым горадзе. Яны іх проста пачалі лічыць, а надпісы ў стылі «толькі нямецкія аўто» выклікалі ў іх проста надзвычайную цікавасць. «Ого, у нас няма такой насычанасці аўтакомісаў», — гаварылі, спазіраючы на доўгі шэраг «мерседэсаў» на коміснай стаянцы. Ну і не маглі нахваліцца тых гарадскіх кальцавых развязак, якія дазвалялі ім беспраблемна рухацца па горадзе. Праз год плануюць прыехаць на Падляшша на даўжэй, чым на тры дні. Спадабалася.
Яўген ВАПА