Навіны

115 гадоў з дня нараджэння Мар'яна Пецюкевіча

Беларускі этнограф, грамадскі дзеяч, публіцыст, паэт Мар’ян Пецюкевіч нарадзіўся 24 верасня 1904 году ў вёсцы Цяцеркі Дзісенскага павету (цяпер Браслаўскі раён) у шматдзетнай сям’і малазямельнага селяніна. Навучаўся ў народнай вучэльні ў Шаўлянах. Пасля сем гадоў займаўся самаадукацыяй, падвучваўся ў польскіх школках у маёнтку Зайнова і вёсцы Знава, у мястэчку Ёды У 1922 годзе Мар’ян паступіў у Віленскую беларускую гімназію.

Быў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу, Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры, Беларускага навуковага таварыства. У 1926-ым паступіў у беларускую гімназію ў Радашковічах і праз год скончыў яе. Пасля паступіў у Карлавы ўніверсітэт у Празе, але па дарозе туды быў затрыманы на мяжы і адасланы ў віленскі 5-ы полк легіянераў. Праз тры месяцы накіраваны ў вайсковую школу ў Цешын, але адтуль быў выгнаны за распаўсюд беларускае літаратуры і вернуты ў полк.

Адслужыўшы, у 1929 годзе здаў іспыт на атэстат сталасці пры Дзяржаўнай камісіі Віленскай школьнай кураторыі і прыняты ў Віленскі ўніверсітэт. У 1929-31 – першы рэдактар часопіса «Шлях Моладзі». У 1938-ым Пецюкевіч абараніў магістарскую працу на тэму стараабрадцаў Браслаўшчыны, стаў магістрам філасофіі ў галіне этнаграфіі і этналогіі. У 1939-ым працаваў дырэктарам музея імя Івана Луцкевіча. Па прыходзе Саветаў працаваў дырэктарам бібліятэкі, вёў беларускія перадачы на Віленскім радыё. Калі Вільню аддалі Летуве, адмовіўся пераехаць у Менск, тады яго знялі з пасады дырэктара бібліятэкі.

З пачаткам вайны жыў у вёсцы ў цесця, вёў гаспадарку. БНК запрасіў Мар’яна на настаўніцкія курсы ў Вільні, пасля якіх ён быў прызначаны павятовым інспектарам асветы ў Ашмяне, а ў 1944-ым працаваў у Новавілейскім медычным інстытуце. 1 студзеня 1945-га адбыўся першы арышт Пецюкевіча, тры з паловай месяцы яго трымалі ў Лукіскай турме. Пасля 4 гады жыў з сям’ёй у Няменчынцы пад Вільняй. У 1948-ым быў абраны дэпутатам Ажулаўскага сельсавета, але ў сакавіку 1949-га зноў арыштаваны і дэпартаваны з сям’ёй у Краснаярскі край. Там займаўся пчалярствам. У 1952-ым асуджаны на 25 гадоў і высланы ў канцлагер у Варкуту.

У 1956-ым рэабілітаваны, прыехаў у Вільню, уладкаваўся настаўнікам. Аднак праз паўгады быў звольнены і з’ехаў да сям’і ў Шчэцін. У 1959 годзе пераехаў працаваць у Торунскі музей. Крыху пазней Пецюкевіч стаўся ініцыятарам стварэння самастойнага Музею этнаграфіі, дзе працаваў да 1970 году. Да самай смерці супрацаваў з беларусамі Беласточчыны, Віленшчыны, пісаў артыкулы ў розныя газеты, у тым ліку ў «Ніву», рыхтаваў манаграфію пра родную вёску Цяцеркі, якую не паспеў скончыць. У 1980 годзе Мар’ян Пецюкевіч перанес цяжкую аперацыю, а 13 верасня 1983-га памёр у Торуні.

Свае творы Пецюкевіч падпісваў як Марвіч (першы склад з імя, а другі з прозвішча), Цяцерскі, іншымі. Найбольш плённы перыяд у этнаграфічнай дзейнасці прыпаў у Мар’яна Пецюкевіча на паваенны перыяд. У 1978 годзе Мар’ян Пецюкевіч быў адзначаны залатой адзнакай «Za opieke nad zabytkami». 22 кастрычніка 2004 году ў Торуні былі адзначаныя 100-я ўгодкі Пецюкевіча і праведзена канферэнцыя, дзе выступалі даследнікі яго творчасці з Польшчы і Беларусі.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты