Навіны
Шанц на аўтобусы
Некалькі тыдняў назад чарговы раз я пісаў пра камунікацыйнае, аўтобуснае выключэнне ў нашай прасторы і шанцы атрымаць грошы на аднаўленне маршрутаў з дзяржаўнай праграмы падляшскага ваяводы. Падляшскае ваяводства з урадавага Фонду развіцця аўтобусных перавозак атрымала да канца 2019 года суму 24,8 млн. злотых. Паставіў я тады пытанне, ці нашы самаўрады стартануць у гэтай праграме, каб даць шанц прыехаць і выехаць мясцовым аўтахтонам і іхнім сямейнікам, якія звыш дзясятка гадоў не нюхалі ўжо дыму рэйсавага аўтобуса. Вынікі набору былі аб’яўлены ваяводам у канцы мінулага месяца з пачаткам дафінансавання з першага верасня. Трэба сказаць, што першы этап праграмы ў маштабе ваяводства не пакарыстаўся асаблівай зацікаўленасцю з боку лакальных уладароў. Мабыць, тут спрацавалі два фактары. Першы — кароткі тэрмін падачы заяў: з другога па дванаццатае жніўня. Дзесяць дзён для падрыхтоўкі патрэбных дакументаў аказаліся не пад сілу многім самаўрадаўцам. Аднак, што такая справа мае быць, вядома было даўно і некаторыя загадзя рыхтаваліся да гэтай прапановы. Не менш важным здаецца і другі фактар — грамадска-палітычнай натуры. Самаўрады з вялікай насцярожанасцю, як сабака да вожыка, паставіліся да новай ініцыятывы. Спачатку хочуць пранюхаць, чым гэта пахне і адсочыць першапраходцаў, упэўніцца ў тым, як для іх закончыцца гэтая справа, перш-наперш у фінансавым плане. Калі затым у Падляшскім ваяводстве маем амаль сто дваццаць гмін, то адважнымі аказаліся толькі дзевятнаццаць, якія і выступілі за грошы, каб дапамагчы сваім жыхарам — у тым ліку шаснаццаць гмін (Дабжынева-Вялікае, Дубічы-Царкоўныя, Гарадок, Кольна, Ломжа, Міхалова, Мельнік, Монькі, Новыя Пекуты, Орля, Ставіскі, Сураж, Тыкоцін, Васількаў, Візна, Заблудаў), Ломжынскі і Сакольскі паветы ды самаўрад Падляшскага ваяводства — таксама як адміністрацыйныя адзінкі. Дафінансаванне пададзеных прапаноў складзе суму больш за восемсот трыццаць тысяч злотых. Такое было запатрабаванне з боку хадайнікаў. За гэтыя грошы «падляшскія самаўрады стартануць з 70 камунікацыйнымі лініямі даўжынёю ў 2,6 тысячы кіламетраў», — праінфармаваў падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі. Большасць маршрутаў абслугоўваць будзе суполка «ПКС Нова», уласнікам якой з’яўляецца самаўрад ваяводства.
Цешуся, што ў першым конкурсе стартанулі і нашы беларускія гміны. Аднак запатрабаванне ёсць значна большае і неадкладнае. Таму спадзяюся, што ў аб’яўленым зараз ваяводам чарговым наборы заяў прымуць удзел іншыя гміны і паветы. Да канца года да скарыстання засталося яшчэ больш за дваццаць тры мільёны злотых. Нельга тады старастам і войтам наракаць, але паасобку ці разам трэба ім пакарыстацца прапановай.
Калі я прыглядаўся прапановам першых бенефіцыянтаў, то вельмі даспадобы прыйшло мне кампліментарнае запатрабаванне Сакольскага стараства, якое ў маштабе ўсяго павета сканструявала неабходныя аўтобусныя шляхі для патрэб усіх жыхароў павета. Спадзяюся, што зараз не будуць спаць у шапку гайнаўскі, сямятыцкі ці бельскі старасты, якія па-мойму могуць разам стварыць маршруты выгадныя жыхарам, вучням, прадпрымальнікам, рабочым ці настаўнікам. Часта падарожнічаючы з Беластока ў Гайнаўку, колькі чую нараканняў на адсутнасць маршрутных аўтобусаў, напрыклад, у Нарву, дзе працуюць славутае прадпрыемства „Пронар”, ці школа, да якой даязджаюць настаўнікі таксама з Беластока. Тое ж самае наглядаецца і ў іншых гмінах. З’явіўся шанц на рэальнае вырашэнне злабадзённых праблем звычайных жыхароў, а не толькі клапаціцца пра камфартабельнасць улады, якая перамяшчаецца звычайна і так на сваім прыватным ці службовым транспарце.
Яўген Вапа