Навіны

Смаргонская акруговая камісія №59: выкарыстанне чыноўнікам адміністрацыйнага рэсурсу да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы - не агітацыя

27 верасня Смаргонская акруговая выбарчая камісія №59 разгледзела заяву назіральніка ў камісіі, праваабаронцы Алеся Дзергачова.


Нагадаем, што ён звярнуўся ў камісію з патрабаваннем разгледзець пытанне аб вынясенні прэтэндэнту на кандыдата ад улады, намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама Віктару Свіле папярэджання. Праваабаронца лічыць, што вялізнае ітэрв’ю з гэтым чыноўнікам на двух старонках падначаленай райвыканкаму газеты “Астравецкая праўда”, якое прысвечана  поспехам на пасадзе, сям’і і захапленням, а таксама вытрымка з перакладу краязнаўчай кнігі з польскай мовы на беларускую ў газеце “Светлы шлях”яго аўтарства, якія размешчаныя на старонках гэтых газет на працягу тыдня да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, ёсць фактам спланаванай органамі ўлады датэрміновай агітацыі з выкарыстаннем службовага становішча прэтэндэнта.


Таксама ў заяве Алесь Дзергачоў ставіў пытанне аб тым, каб камісія даручыла рэдакцыям згаданых СМІ даць магчымасць размясціць на сваіх старонках аналагічныя матэрыялы аб дзейнасці другога прэтэндэнта на кандыдата, сябра АГП Івана Крука.


На разгляд гэтага пытання былі запрошаны прадстаўнікі названых СМІ.  Яны патлумачылі, што згаданыя матэрыялы былі падрыхтаваны да публікацыі яшчэ летам, але па тэхнічных прычынах апублікаваны толькі ў кастрычніку. То бок, размяшчэнне на старонках газет матэрыялаў на працягу тыдня да рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Віктара Свілы – чыстая выпадковасць.


Цікава, што адразу пасля гэтых тлумачэнняў старшыня камісіі Раіса Захарыч зачытала загадзя падрыхтаваны праект рашэння аб прызнанні заявы праваабаронцы неабгрунтаванай. Асноўны аргумент: матэрыялы надрукаваны ў газетах у той час, калі прэтэндэнт не быў кандыдатам і яго  ініцыятыўнай група не была зарэгістравана. А што тычыцца стварэння Івану Круку роўных магчымасцей з Віктарам Свілам, то ў рашэнні адзначана, што камісія не мае права прымушаць рэдакцыі размяшчаць пэўныя матэрыялы.


 Як лічыць Алесь Дзергачоў, акруговая выбарчая камісія №59 зрабіла прэцэдэнт, калі прыўладнае чынавенства, нягледзячы на аб’яўленую выбарчую кампанію, можа дзеля папулярызацыі сваёй асобы, каб аблегчыць ініцыятыўнай групе збор подпісаў за рэгістрацыю кандыдатам, выкарыстоўваць падкантрольныя СМІ напярэдадні рэгістрацыі такой групы. А гэта ставіць у няроўныя ўмовы  ўсіх астатніх прэтэндэнтаў.

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты