Навіны

105 гадоў з дня нараджэння Лявона Случаніна

Беларускі паэт Лявон Случанін (сапраўднае імя Лявонці Шпакоўскі) нарадзіўся 15 кастрычніка 1914 года ў вёсцы Лучнікі Слуцкага павету тагачаснай Мінскай губерні (цяпер вёска ў Слуцкім раёне). Паходзіў з сялянскай сям’і. Бацька Раман Шпакоўскі апрача працы на зямлі займаўся цяслярствам, на нейкі час ездзіў на заробкі ў Амерыку, маці займалася хатняй гаспадаркай.

У 1929 годзе Лявон Случанін паступіў у Слуцкі педагагічны тэхнікум. Пад уплывам мастацтва Уладзіслава Галубка і яго артыстычнай трупы паступіў у Мінскі тэатральны тэхнікум. Як сын серадняка быў залічаны без стыпендыі, але грошай не было, таму быў змушаны вярнуцца ў педтэхнікум. З трэцяга курса паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытуту, які скончыў у 1936 годзе. Дэбютаваў у перыядычным друку ў тым жа годзе. Менавіта тады газета “Звязда” змясціла ў яго перакладзе на беларускую мову “Вершы аб савецкім пашпарце” Уладзіміра Маякоўскага, газета “Рабочий” – прысвечаны Максіму Горкаму верш “Буравесніку рэвалюцыі”, а часопіс “Полымя рэвалюцыі” – верш “Нашаму Янку Купалу”. 

Пасля інстытуту накіраваны на працу выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў горад Чэрыкаў на Магілёўшчыне. У 1937 годзе ў разгар рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі арыштаваны НКВД, засуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў сумнавядомы савецкі канцлагер на Беламорканал. 

У 1939 годзе Лявон Случанін нечакана датэрмінова вызвалены. Вярнуўся на радзіму ў вёску Лучнікі. Уладкаваўся ў Слуцку ў сярэднюю школу выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. З 1940 года выкладаў у Слуцкім педтэхнікуме. У час нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Лучнікоўскай школы (1941-43 гады), школьным інспектарам на Случчыне (1943-44). Адначасна працаваў у акруговай “Газэце Случчыны”, друкаваўся ў “Беларускай газэце” (Мінск), “Голасе вёскі” (Мінск), “Раніцы” (Берлін) і часопісе “Новая дарога” (Беласток). Вершы, напісаныя ў 1942-43 гадах, апублікаваў у 1943 годзе ў  калектыўным зборніку “Песняры Случчыны”. Напісаў у 1944 годзе гістарычную паэму “Рагнеда”. Яна выйшла асобным выданнем у Вільні ў 1944 годзе, у 1958 годзе – у Аўстраліі. У 1991 годзе яе змясцілі часопіс “Спадчына” (№ 4) і газета “Калийщик Солигорска”. У аснове твора – гістарычныя факты, звязаныя з полацкім князем Рагвалодам і яго дачкой Рагнедай.

Лявон Случанін браў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. Пры адступленні немцаў выехаў з сям’ёй у Германію. Працаваў карэспандэнтам у часопісе “Малады змагар”, які выдаваў Саюз беларускай моладзі (1944-45 гг.). Вясной 1945 года трапіў у амерыканскую акупацыйную зону. У адрозненне ад бальшыні іншых беларускіх эмігрантаў вярнуўся ў родную вёску, дзе быў арыштаваны. Засуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Адбываў пакаранне на поўначы Савецкага саюзу. Потым тэрмін быў зменшаны да 10 гадоў зняволення. Пасля вызвалення да 1973 года жыў у Варкуце, пасля вярнуўся на радзіму і жыў у Салігорску.

З 1993 года Лявон Случанін быў сябрам Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Аўтабіяграфічны раман Случаніна ў вершах “Алесь Няміра”, напісаны ў 1962-85 гадах, апублікаваны часткова ў 1991 годзе. Яго публікацыя была ў газеце “Калийщик Солигорска”. Паэма “Ісус Хрыстос” не апублікаваная. Урывак з паэмы “Рагнеда” пэўны час быў уключаны ў школьную праграму.

Памёр Лявон Случанін 25 кастрычніка 1995 года ў Салігорску.

падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

Архіў

Сьнежань 2019
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031

Відэа

праваабарончыя сайты