Навіны

95 гадоў з дня нараджэння Рыгора Клімовіча

Рыгор Клімовіч – адзін з герояў найноўшай гісторыі, змагар супраць савецкай сталінскай сістэмы. Яго лічаць кіраўніком Нарыльскага паўстання 1953 году ў савецкім канцлагеры, у якім удзельнічала каля 5 тысяч беларусаў. Менавіта ён напісаў гімн паўстанцаў “Не страшны нам тиранства большевизма”.

Нарадзіўся Рыгор Клімовіч 3 кастрычніка 1924 году ў вёсцы Шляхецкая Ваколіца (зараз Цярэшкавічы Гомельскае вобласці). Паходзіў з аднадворнай шляхты, якая ў сярэдзіне 17-га стагоддзя была расселеная ў ваколіцах Гомеля. У сярэдзіне 1930-х гадоў бацька Рыгора быў “раскулачаны”. Паводле ўспамінаў Клімовіча да беларускай ідэі ён прыйшоў яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў беларускія кніжкі 1920-х гадоў, што яшчэ не падпалі пад сталінскую цэнзуру.

Перад вайной Клімовіч паступіў ў гомельскі тэхнікум. У канцы 1942-га перайшоў лінію фронту і 6 месяцаў дабіраўся да Саратава, куды быў эвакуяваны тэхнікум. У пачатку 1943-га прыехаў у Маскву, дзе быў арыштаваны НКВД па абвінавачванні ў шпіёнстве. Яму хацелі інкрымінаваць забойства кіраўніка партызанскага аддзелу, які ў 1942 годзе базаваўся каля Гомеля. У 1943-47 гадах сядзеў Свярдлоўскай турме. Тады ж напісаў некалькі дзясяткаў вершаў, скіраваных супраць сталінскага рэжыму. Клімовіча адправілі у Горлаг, што пад Нарыльскам – савецкі канцлагер асабліва строгага рэжыму ўтрымання.

У 1950-ым годзе Клімовіча паўторна асудзілі на 10 гадоў – за антысавецкую дзейнасць. Да 1953-га утрымліваўся ў Нарыльскай турме. Потым яго вярнулі ў Горлаг, дзе неўзабаве ён узначаліў паўстанне палітвязняў, якое пачалося 25 траўня 1953 і трывала цягам сарака дзён. Паўстанне было жорстка задушана войскамі МГБ, якімі кіраваў асабісты рэферэнт Берыі генерал Кузняцоў, але Горлаг быў расфармаваны. Унікальнасць Нарыльскага паўстання ў мірным характары супраціву зняволеных. “Мы адчулі ня страх, а пякучую нянавісць да катаў, - пісаў Рыгор Клімовіч. - Мы ня кінуліся ўцякаць ад небяспекі, а рашуча ставалі на месцы забітых”. Усяго ў час той карнай аперацыі забілі больш за тысячу нязбройных людзей. Але паўстанцы, якія засталіся, перамаглі, бо Горлаг быў па-сутнасці лагерам смерці, адкуль мала хто вяртаўся жывым. Вязняў развезлі па іншых лагерах з мякчэйшым рэжымам.

З канца 1953 па 1956 быў у турмах Уладзіміра і Іркуцку, а таксама ў Азёрлагу. За гэты перыяд яго яшчэ раз судзілі за адмову працаваць, але па амністыі Клімовіч быў вызвалены. На волі заняўся працай па згуртаванні вызваленых паплечнікаў. На пачатку 1957-га было створанае ядро арганізацыі, якая рыхтавала паўстанне супраць савецкага рэжыму. Але КГБ выявіла арганізацыю. Прайшлі арышты, Клімовіч быў затрыманы. Адзін з удзельнікаў арганізацыі, украінец Дужынскі, усю адказнасць узяў на сябе. А Клімовіч праз тры месяцы за брак доказаў быў выпушчаны на волю.

З 1957 года па канец 1980-ых, калі Клімовіч выйшаў на пенсію, ён знаходзіўся пад наглядам КГБ, гэты перыяд свайго жыцця ацэньваў як “пасіўнае дысідэнцтва” У 1986-ым падрыхтаваў рукапіс успамінаў пад назовам “Канец Горлагу”, быў  ганаровым прэзідэнтам некалькіх фондаў і арганізацыяў, якія займаюцца апякунствам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. З пачатку 90-х гадоў актывізаваўся ў грамадскім жыцці.

Памёр Рыгор Клімовіч 1 ліпеня 2000 году.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

03.10.2019 Тэгі: каляндар, календарь

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты