Навіны

Смаргонь: ад 50 да 100 працэнтаў складу камісій у школах – настаўнікі

Паводле артыкула 5 Канстытуцыі краіны палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, садзейнічаюць выяўленню і выразу палітычнай волі грамадзян, удзельнічаюць у выбарах.
Аднак у сённяшніх умовах у Беларусі гэты артыкул Канстытуцыі, умоўна кажучы, мае ўсечаны выгляд.
Якія партыі ці грамадскія аб’яднанні дапускаюцца да падліку галасоў, то бок сябры якіх з іх у падаўляючай большасці выпадкаў уключаюцца у выбарчыя камісіі? Зразумела, праўладных. Напрыклад, камуністычнай, якая ніколі не пазіцыянавала сябе як апазіцыйная. Сярод грамадскіх аб’яднанняў тут дамінуе РГА “Белая Русь” і БРСМ, якія маюць офісы ў памяшканнях органаў улады. Зразумела, гэтыя структуры верна служаць “карміцелю”, за што маюць пропуск у выбарчыя камісіі, ды магчымасць быць, відавочна, прызначанымі дэпутатамі.
А што застаецца апазіцыйным партыям і незалежным грамадскім аб’яднанням? Хіба што быць статыстамі ў працэсе легітымізацыі “прызначаемых”. Напрыклад, выстаўляючы кандыдатуры  у выбарчыя камісіі, якіх ў 99,9% выпадкаў туды не ўключаюць. Затым вылучаюць  кандыдатаў у дэпутаты, якія таксама не маюць фактычна ніякіх шанцаў стаць дэпутатамі, выконваючы функцыю спарынг-партнёраў для праўладных кандыдатаў.  Чаму? А відавочна таму, што падлічваюць бюлетэні з выбарчых скрыняў сябры выбарчых камісій, прызначаныя туды арганізатарамі выбараў – органамі улады, ды яшчэ са свайго асяродку – падначаленых арганізацый. Ці можна разлічваць у такіх варунках на  сумленнасць падліку?
Зразумела, пры “гульні ў адны вароты” улада мусіць паказваць выгляд дэмакратыі. А каб гэты выгляд спрацаваў, трэба, мусіць, схаваць месцы працы сябраў выбарчых камісій. Відавочна, па гэтай прычыне пры апублікаванні складу выбарчых камісій гэтыя месцы не ўказваюцца.
Але ж зараз шмат інфармацыі можна знайсці ў адкрытых крыніцах прастораў інтэрнэту. І таму раскрываецца шмат цікавага.
Аказваецца, у выбарчых камісіях, якія месцяцца у школах Смаргоні (выбарчыя участкі пад нумарамі 5, 7, 12, 13, 17, 18) ад 50 да амаль 100% сябраў – супрацоўнікі гэтых навучальных устаноў, чыё месца працы “схавана” спосабам дэлегавання ў камісію: праз збор подпісаў, ці праз накіраванні праўладнымі грамадскімі аб’яднаннямі ды дзяржаўнымі прафсаюзамі.
Ну а “абсалютны рэкорд дэмакратыі” Смаргонскі райвыканкам паставіў у  школе №5, якая узначальваецца Раісай Захарыч, якая, дарэчы, адначасна з’яўляецца старшынёй Смаргонскай акруговай выбарчай камісіі  па так званых выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Там месціцца выбарчая камісія таксама пад нумарам 5, у складзе якой 14 чалавек, дэлегаваных туды аж 5-цю грамадскімі арганізацыямі і групамі грамадзянаў.  З іх 12 (!) – настаўнікі гэтай школы, яшчэ адзін сябар – былая настаўніца, якая ўдзельнічае ў складзе камісіі ці не з 2000-х гадоў,  а зараз – пенсінерка. Ну а для самавітасці камісіі яе склад “разбаўлены” Шчэберака Таццянай Анатольеўнай, дэлегаванай групай грамадзян. Інтэрнэт паказаў, што жанчына з такім прозвішчам і ініцыяламі працуе намеснікам старшыні Смаргонскага райвыканкама.
Зразумела, старшынямі амаль усіх названых выбарчых камісій будуць дырэктары ці намеснікі дырэктараў школ.
У такіх варунках прагноз на сумленнасць падліку галасоў на будучых “выбарах”у Смаргоні вельмі песімістычны.

Фота з сайту smorgon.org

 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты