Навіны

Тыдзень супраць смяротнага пакарання - сустрэча з Андрэем Палудам (фота)

9 кастрычніка ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця адбылася трохгадзінная сустрэча з вядомым праваабаронцам, каардынатарам кампаніі супраць смяротнага пакарання Андрэем Палудам. Сустрэча сабрала больш 30 чалавек і прайшла ў жывой дыскусіі.

На пачатку вечара прысутныя паглядзелі дакументальны фільм "Курумім", які датычыць праблемы смяротнага пакарання ў іншай краіне - Інданэзіі. У фільме расказваецца пра засуджаных да смяртнага пакарання, пераважна за распаўсюд наркотыкаў, у гэтай азіяцкай краіне. Расказваецца пра злачынствы, турэмны побыт, карупцыю судовай сістэмы. А найперш пра псіхалогію і погляд на жыццё чалавека, які апынуўся на мяжы жыцця і смерці.

Пасля фільма размова і дыскусія ішла як пра сусветнае заканадаўства ў галіне смяротнага пакарання, так і пра беларускія рэаліі. Адбылася вельмі змястоўная шматгранная дыскусія. Выказваліся нават сама нечаканыя аргументы і довады за прымяненне смяротнага пакарання і супраць яго.

Галоўная выснова з дыскусіі - праблема смяротнага пакарання намнога шырэйшая, чым пра яе думаюць многія. Прымяненне кары смерці ў Беларусі недапушчальнае, асабліва зважаючы на залежнасць і неаб'ектыўнасць судовай сістэмы. 

Відавочна, што само абмеркаванне праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі за апошнія гады выйшла на якасна новы ровень, а ў грамадстве спакваля мяняецца стаўленне да самага жорсткага віду пакарання. Акцэнтавалася ўвага таксама на тым, што рэферэндум 1996 году, які датычыў кары смерці, па гэтым пытанні меў кансультацыйны, а не абавязкова заканадаўчы характар. З таго часу вырасла новае пакаленне, а сусветныя тэндэнцыі гуманізацыі патрабуюць адмены ці мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі. 

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты