Навіны

100 гадоў з дня нараджэння Усевалада Караля

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, медык Усевалад Кароль нарадзіўся 18 кастрычніка 1919 года ў вёсцы Старое Сяло (Менскі раён). Навучаўся ў беларускай гімназіі ў Радашковічах (1928-29), Віленскай беларускай гімназіі (1929-36), на медыцынскім факультэце ўніверсітэта Стэфана Баторага. Быў актыўным грамадскім дзеячам: друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях, быў апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюза, ліквідаванага ў 1940 годзе.

У час нямецкай акупацыі Усевалад Кароль з жонкай Кацярынай прыехаў жыць у Баранавічы, дзе працаваў лекарам і выкладаў у медыцынскай школе. У гэты час Кароль удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, кіраваў Баранавіцкім камітэтам Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Кіраўніцтва партыі планавала скіраваць яго ў Лондан як паўнамоцнага прадстаўніка ад Беларусі. Узімку 1944 г. Караля, заманіўшы ашуканствам, арыштавалі, засудзілі і выслалі на 10 гадоў у савецкі канцлагер. Яго першаму сыну Юрку споўнілася тады 3 месяцы. Жонка спаліла ўсе дакументы сямейнага архіву, звязаныя з дзейнасцю яе мужа да арышту. Каб працаваць далей акулістам у Баранавіцкім шпіталі, жонцы Кацярыне давялося развесціся з ім. Пасля вяртання Караля яны пабраліся шлюбам другі раз. Сын Ілля расказваў, як маці часта ездзіла на Поўнач да бацькі, пакідала яму ўсе грошы, што былі. Назад вярталася без білета і без капейкі ў кішэні.

Пасля вяртання ў 1955 г. з лагеру ў Баранавічы, Усевалад Кароль да апошніх дзён падтрымліваў адносіны са старымі сябрамі. У яго хаце часта збіраліся госці не толькі з Беларусі, але і з Польшчы, Літвы. Прыходзіў былы палітвязень Пятро Рашэтнік, прыязджалі з Моўчадзі настаўнік Семяняка і з Зэльвы Янка Геніюш, з якімі Кароль разам быў у высылцы. З Вільні наведваліся Лявон і Юрка Луцкевічы. Яны разам гралі ў брыдж, чыталі вершы і ўспаміналі мінулае.

У Баранавічах Кароль працаваў у радзільні, меў вялікі аўтарытэт. Па ўспамінах сучаснікаў цаніў калег і ніколі не прыніжаў чалавека. Не падвышаў голасу, не дазваляў сабе папракнуць маладога спецыяліста пры некім. Дамы па вуліцы Вільчкоўскага, у якіх жылі лекар і практыкантка Таіса Шчогалева, потым нявестка, былі побач. Калі сярод ночы Караля выклікалі, ён стукам у шыбіну будзіў яе і прапаноўваў бегчы на працу разам. Часта ездзіў у радзільню на ровары. Яго называлі “бацькам Баранавічаў”.

Лекара Караля ведалі за межамі Беларусі. Ён наведваў медыцынскія канферэнцыі ў Кіеве, Маскве, публікаваўся ў навуковых выданнях. Дзякуючы Усеваладу Каралю ўсе найноўшыя практыкі ў галіне акушэрства і гінекалогіі пачыналі ажыццяўляцца і ў Баранавічах. Усевалад Кароль быў спецыялістам-практыкам, класічным інтэлігентам еўрапейскага роўню. Апроч роднай беларускай мовы, на якой Кароль размаўляў з блізкімі па духу людзьмі і пісаў вершы, ён выдатна валодаў расейскай, нямецкай, літоўскай і польскай мовамі. 

Лагернае мінулае замінала кар’ернаму росту Усевалада Караля. Ён быў намеснікам галоўнага доктара радзільні па медыцынскай частцы. Галоўныя дактары мяняліся, а ён так і заставаўся “другім чалавекам” установы (а фактычна першым). Усевалад Кароль памёр ад інфаркту 4 кастрычніка 1984 года ў Баранавічах. Развітацца з лекарам-легендаю прыйшло шмат людзей. Паколькі Усевалад Кароль быў рэпрэсаваны, мясцовыя ўлады не далі дазволу правесці ўсенароднае пахаванне. Сваякам ледзьве дазволілі пахаваць яго ў цэнтры Русіноўскіх могілак.

Падрыхтаваў Уладзімір Хільмановіч

18.10.2019

Архіў

Чэрвень 2020
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930

Відэа

праваабарончыя сайты