Навіны

У Мігове адкрылі камень з шыльдай у гонар Яўхіма Карскага (фотарэпартаж)

30 кастрычніка ў вёсцы Мігова (Гарадзенскі раён) адбылося ўрачыстае адкрыццё помнага каменя з шыльдай у гонар акадэміка Яўхіма Карскага, аднаго з заснаваннікаў навуковага беларусазнаўства. Яўхім Карскі часта бываў у Мігове і суседнім Коматаве, пра што пакінуў адпаведныя ўспаміны. Урачыстасць сабрала каля 50 чалавек - краязнаўцаў, навукоўцаў, журналістаў, школьнікаў, мясцовых жыхароў.

Ідэя ўсталявання помнага знаку ў Мігове належыць мясцоваму краязнаўцу, ведамаму актывісту ТБМ Алесю Крою. Каля трох гадоў спатрэбілася на падрыхтоўчыя працы, адпаведнае рашэнне Абухаўскага сельсавету, афармленне дазволу ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўчыя працы, выраб і ўсталяванне помніка. У найбольш грувасткіх працах дапамагаў мясцовы СПК, фізічна працавалі Алесь Крой з сваімі сябрамі і аднадумцамі. Урэшце камень і шыльда былі ўсталяваны. Камень па форме нагадвае мапу Беларусі, што складае сімвалічны змест. Шыльду выканаў гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, кансультацыямі таксама дапамагаў Юрась Мацко.

На адкрыцці помнага знаку выступілі дацэнт купалаўскага ўніверсітэту Віталь Карнялюк, старшыня абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, лідары Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка і Іван Буднік, старшыня Абухаўскага сельсавету Валерый Смалей, настаўніца Абухаўскай школы Алена Казлова, ініцыятар усталявання каменя Алесь Крой. Культурную праграму арганізавалі работнікі Абухаўскага Дому культуры, у іх выкананні гучалі беларускія вершы і песні.

Напрыканцы ўрачыстасці малітву прачытаў святар Коматаўскай праваслаўнай царквы айцец Міхаіл, пасля чаго асвяціў помны камень з шыльдай. 

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты