Навіны

505 гадоў з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага

Мікалай Радзівіл па мянушцы Чорны – адна з найвялікшых і славутых постацяў нашай сярэднявечнай гісторыі, вядомая ва ўсёй Еўропе. Нарадзіўся гэты прадстаўнік магнацкага роду 4 лютага 1515 году ў Нясьвіжы, быў прадстаўніком алыцка-нясьвіжскай лініі роду Радзівілаў гербу “Трубы”, сынам Яна “Барадатага”, кашталяна троцкага, і Ганны з Кішкаў. Праўдападобна, атрымаў толькі хатнюю адукацыю, што не замінала яму вырасці ў буйнага дзяржаўнага дзеяча. Дзейнасць Мікалая Радзівіла як вялікага рэфарматара кардынальна паўплывала на царкоўна-рэлігійнае і культурнае жыццё ўсяго Вялікага Княства Літоўскага.

Юнацтва “Чорны” правёў пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе адбылося яго сяброўскае збліжэнне з будучым вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам. Браў удзел у вайне ВКЛ з Масковіяй (1534-37), на якую разам з братам Янам выставіў 160 коннікаў.

Імклівы службовы ўзлёт Мікалая Радзівіла пачаўся пасля 1544 г., калі на Берасцейскім вальным сойме быў прыняты акт, паводле якога Жыгімонт Стары перадаваў поўную ўладу ў ВКЛ свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У гэты час Радзівіл атрымаў уплывовую пасаду земскага маршалка, якая давала магчымасць часта бываць пры вялікакняскім двары. Ён удзельнічаў у пасольскіх місіях у іншыя дзяржавы. У час падарожжа ў Аўгсбургу атрымаў ад імператара Святой Рымскай імперыі Карла V права на княскі тытул для сябе і асобных прадстаўнікоў свайго роду. У 1549-ым удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць татараў на Валыні. У 1550-ым атрымаў пасаду канцлера вялікага літоўскага.Уплыў Радзівіла на палітыку вялікакняскага ўраду быў такі значны, што ён здабыў права на захоўванне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве.

З яго ўдзелам прайшла судова-адміністрацыйная рэформа, у выніку якой утварыліся шляхецкія станавыя суды і мясцовыя органы самакіравання — соймікі. Галоўнай сферай дыпламатычнай дзейнасці былі адносіны з Інфлянтамі, вынікам чаго было падпісанне дамовы пра іх падпарадкаванне супольна Вялікаму Княству і Кароне. Пазней стаў адміністратарам гэтых зямель.

Мікалай Радзівіл “Чорны” падтрымліваў палітычны звяз з Польшчай, аднак быў супраціўнікам федэрацыі і бараніў суверэнітэт ВКЛ. Таму пры ягоным жыцці дзяржаўная ўнія з Польшчай не была складзеная.

З імем Мікалая Радзівіла “Чорнага” зьвязваецца распаўсюд і прапаганда рэфармацыйных ідэяў, арганізацыя рэфармацыйнай царквы ў ВКЛ. Палітычны ўплыў і аўтарытэт “Чорнага”, які першым з магнатаў прыняў пратэстанцкую веру, абумовілі пераход значнай часткі шляхты ў пратэстанцтва. Спачатку ён схіляўся да лютэранства, але з сярэдзіны 1550-х гадоў прыняў кальвінізм, які атрымаў значны распаўсюд на нашых землях.

На тэрыторыі сучаснай Гарадзенскай вобласці Мікалай Радзівіл Чорны валодаў Нягневічамі (Наваградзкі р-н), Геранёнамі (Івейскі р-н).

У 1563 годзе на сродкі Радзівіла выйшаў польскі пераклад поўнага зводу Бібліі, найбольшы паводле аб’ёму і адзін з найлепшых па мастацкіх і паліграфічных якасцях свайго часу. У гісторыю беларускага кнігавыдання ён увайшоў як “Берасьцейская Біблія”.

Памёр Мікалай Радзівіл пасля пакутлівай хваробы 29 траўня 1565 году ў веку 50 гадоў у Лукішках пад Вільняй. Быў пахаваны разам з жонкай пры Віленскім зборы. Але ў 1647 годзе іх парэшткі ўрачыста перанеслі з Вільні ў Дубінкі.

У Беларусі Мікалай Радзівіл “Чорны” прызнаны буйным дзеячам. У вялікіх гарадах краіны з’явіліся біг-борды з яго выявай, нароўні з Ефрасінняй Полацкай. Але помніка гэтаму дзяржаўнаму дзеячу няма.

 

04.02.2020

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты