Навіны

Беларускае каталіцкае духавенства – культурны феномен ХХ стагоддзя

У выдавецтве Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту пабачылі свет дзве манаграфіі кандыдата культуралогіі, дацэнта Янкі Трацяка. Абодва даследаванні - “Беларускае каталіцкае духавенства ў сацыяльнакультурным працэсе першай паловы ХХ стагоддзя” зацікавілі нас з прычыны з’яўлення практычна першых грунтоўных навуковых працаў у гэтай тэматыцы.

Ні слова нават у беларускіх энцыклапедыях

Янка Трацяк пачынае размову з таго, што дагэтуль нават у беларускіх энцыклапедыях адсутнічае асобны артыкул: “Беларускае каталіцкае духавенства”. Паводле яго, і гэта адзначана ў манаграфіях, над тэмай спрабавалі ў свой час працаваць вядомыя святары Адам Станкевіч, (яго кніга напісана толькі па падзеях сведкам якіх ён сам быў), Леў Гарошка, уніяцкі святар, які апынуўся ў эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны. У савецкай гістарыяграфіі тэма наагул была пад забаронай, паколькі беларускія каталіцкія святары лічыліся буржуазнымі нацыяналістамі, прыхільнікамі Польшчы і, зразумела, шпіёнамі.

Праца над гэтай тэматыкай на навуковым узроўні распачалася, паводле аўтара, толькі ў 90-я гады, калі Беларусь атрымала незалежнасць, але дагэтуль выйшла ўсяго толькі некалькі публікацый у зборніках.

“Напачатку 90-х гадоў у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук  узнікла ідэя стварыць энцыклапедыю беларускага каталіцкага духавенства, - згадвае навуковец. – Асабіста я даслаў для новай энцыклапедыі звыш 80 артыкулаў, але гэта ідэя доўга не пражыла, паколькі не супадала з ідэалогіяй новай беларускай дзяржавы”.

Тым не менш Трацяк канстатуе, што тэма беларускага каталіцкага духавенства вельмі актуальная і сёння, і  ўсё часцей і часцей узнікае ў сродках масавай інфармацыі, асабліва падчас дыялогу паміж Ватыканам і ўладамі Рэспублікі Беларусь.

“Уявіце сабе, каб мы выпусцілі энцыклапедыю беларускага каталіцкага духавенства - гэта была б грунтоўная праца, якая б сведчыла аб тым, што тут ёсць і былі беларусы-каталікі са сваімі вельмі багатымі  гістарычнымі, духоўнымі і культурнымі традыцыямі , а не так, як гэта і зараз некім навязваецца, што калі каталік, то абавязкова паляк, - разважае навуковец. – А гэта ў сваю чаргу прыводзіць да высновы, што такая пазіцыя некага больш задавальняе. І атрымліваецца ў выніку, што прэзідэнт нібыта хоча, каб Папа Рымскі наведаў Беларусь, але ніякіх падставаў для гэтага няма, бо, маўляў, няма беларусаў-каталікоў”. 

У сваіх манаграфіях Трацяк, з яго слоў,  менавіта і імкнецца паказаць, што існуе глыбокая гістарычная традыцыя беларускага каталіцтва, а таксама, як адраджалася беларускасць у каталіцтве, як духавенства несла ў народ гэтую беларускасць і цвёрда яе трымалася.

Уражвае маштабнасць іх дзейнасці

Гаворачы пра беларускі нацыянальны рух і адраджэнне ў канцы ХІХ пачатку ХХ стагоддзя суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што большасць адраджэнцаў у той час належалі да каталіцкай канфесіі: Багушэвіч, Каліноўскі, Шыпіла, біскуп Данісевіч, Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы, Купала ... Аўтар манаграфій звяртае ўвагу, што працуючы ў архівах, яго ўразіў маштаб дзейнасці беларускага каталіцкага духавенства.

“Я называю іх дзейнасць культурным феноменам ХХ стагоддзя, - падкрэслівае Трацяк. – І ўсё таму што нягледзячы на стэрэатып: каталік – значыць паляк, напачатку ХХ стагоддзя заяўляюць пра сябе каталікі-беларусы і даказваюць, што яны не палякі. Гэта было нечакана для ўсіх, і было вельмі важна для беларускага народу. І тое, што яны зрабілі, нельга было параўнаць з тым, што было зроблена ў лоне праваслаўнай царквы для адраджэння беларускасці”.

Паводле навукоўца, ён мае на ўвазе і богаслужэнні на беларускай мове, і пераклады бібліі на беларускую мову, і выданне кніг і газет па-беларуску і адукацыйную дзейнасць. І ў той самы час падкрэслівае, што напачатку 20-х гадоў польскімі ўладамі гэта зусім не віталася.

“Дзясяткі беларускіх каталіцкіх святароў пасля абвяшчэння Незалежнасці ў 1918 годзе адназначна скіравалі сваю дзейнасць на станаўленне беларускай дзяржавы, - падкрэслівае аўтар манаграфій. – Яны не заклікалі людзей да рэвалюцый, а эвалюцыйным шляхам працавалі над усведамленнем  і вяртаннем гістарычнай памяці беларусам-каталікам”. 

Навуковец прыводзіць архіўныя звесткі, паводле якіх у перыяд 1917-1921 гадоў  з прыкладна 500 святароў у Віленскім біскупстве 90% былі не супраць беларускай мовы ў касцёле  і беларускага адраджэння увогуле. 

“У архіве захаваліся адмысловыя анкеты святароў, дзе яны ў адным з радкоў пазначалі сваю прыналежнасць да нацыянальнасці, - гаворыць Трацяк. – Некаторыя пісалі, што з’яўляюцца беларусамі, нехта - крывічамі, яшчэ нехта называў сябе ліцвінам. І такіх была пераважная большасць”.

Яшчэ на адну важную адметнасць звяртае ўвагу гродзенскі навуковец у дачыненні да  беларускіх святароў у працэсе адраджэння. Паводле яго, усе яны найперш падкрэслівалі, што з’яўляюцца святарамі, хрысціянамі, а ўжо потым казалі пра свой патрыятызм. І заўсёды стаялі на тым, што беларускасць ніколі не будзе перашкаджаць касцёлу, а стане толькі яму спрыяць. У той час, параўноўвае навуковец, польскія ксяндзы прытрымліваліся іншай логікі і найперш заяўлялі, што яны палякі, а толькі потым каталікі.

“Беларускія святары спрабавалі давесці, што народ глыбей разумее слова Божае праз родную мову і гэта тым самым узмацняе іх веру, - кажа аўтар манаграфій. - Яны былі перакананыя, што нашым людзям было не ўсё зразумела з польскай мовы і яны прыходзілі ў касцёл і проста гаварылі завучаную малітву, сутнасць якой падчас не зусім цямілі”.

Гаворачы пра шлях саміх святароў да беларускасці, даследчык зазначае, што іх увесь час мучыла пытанне – чаму большасць людзей, якія гавораць на сваёй мове не могуць у касцёле маліцца на ёй, называцца беларусамі?

“Іх нацыянальная эвалюцыя фармавалася на біблейскіх тэкстах Старога і Новага Запаветаў, у якіх адназначна прызнавалася права этнасаў і народаў на сваю мову, культуру і свой шлях да Бога.  І як пацверджанне гэтаму існавала гісторыя канфесійнага руху, культурныя артэфакты, як да прыкладу, беларускамоўныя катэхізмоўкі ў ХІХ ст., і пазней кнігі Ф. Багушэвіча, газеты “Наша Ніва”, “Беларус”  і, вядома, носьбіты ідэі беларускай рэлігійнай і культурнай незалежнасці, - канстатуе Трацяк. – І так прыходзілі да разумення таго, што мы не палякі і не рускія, а адзіны народ, што ў нас ёсць свая гісторыя, тэрыторыя, культура, мова, а значыцца мы маем права мець сваю незалежную дзяржаву».

Што азначала быць беларускім каталіцкім святаром у міжваенны час

Напачатку 20-х гадоў дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў у Заходняй Беларусі яшчэ не прыцягвала пільнай увагі польскіх цывільных уладаў і нават рэлігійных. Польшча, паводле навукоўца, толькі пачала адраджэнне сваёй дзяржаўнасці і перад уладамі стаяла шмат першачарговых праблем для вырашэння.

“І ў гэты час яшчэ ўдавалася праводзіць казанні на беларускай мове, вучыць дзетак маліцца па-беларуску, - канстатуе навуковец. – Дарэчы, даволі прыхільна ў той час да беларускай мовы ў касцёле ставіліся і некаторыя прадстаўнікі рэлігійных уладаў”.

Сітуацыя змянілася ў сярэдзіне 20-х гадоў калі на біскупскую кафедру ў Вільні заступіў Рамуальд Яблжыкоўскі. На беларускіх святароў пачаўся ціск. Найперш гэта датычыла казанняў і пропаведзяў – яны павінны былі гучаць у касцёле па-польску. А гэта выклікала супраціў з боку беларускага насельніцтва.

Янка Трацяк згадвае ў сваёй кнізе яскравы прыклад плебісцыту ў Жодзішкам (зараз Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), дзе пераважная большасць парафіян патрабавала, каб набажэнствы і казанні ў касцёле праводзіліся на беларускай мове. У Жодзішкі для вырашэння справы беларускай мовы ў касцёле прыехала спецыяльная камісія з прадстаўнікоў трох польскіх святароў, збіраліся з навакольных парафій усе, хто быў бы за польскасць у касцёле, але паводле афіцыйных вынікаў галасавання ўсё роўна  60% людзей выказаліся за беларускасць.

“Урэшце прыехала паліцыя, на людзей наставілі кулямёты і загадалі разыходзіцца, а інакш пачнуць страляць, - цытуе архіўны дакумент з манаграфіі навуковец. – І такімі спосабамі ў касцёл замест беларускай мовы ўваходзіла польская”.

Ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага пасля гэтага пасадзілі ў турму. Вернікі сабралі каля 6 тысяч подпісаў у яго абарону, а ў выніку яго асудзілі на два гады турмы. А ў Жодзішскім касцёле загучала польская мова, праўда, парафіян значна паменела ў ім.

Паводле Трацяка, беларускамоўных ксяндзоў пачалі пераследаваць, як цывільныя, так і рэлігійныя ўлады. У лепшым выпадку іх высылалі служыць у глыб краіны альбо нават па-за яе межы. У горшым выпадку – аддавалі пад суд за антыдзяржаўную дзейнасць альбо камуністычную прапаганду. Менавіта тады, паводле навукоўца, і з’явілася абвінавачванне кшталту: калі беларус - значыць камуніст.

Дарэчы, што датычыць сучасных Жодзішак, то служба ў касцёле вядзецца на польскай мове і ксёндз спрыяе гэтаму, а вернікі займаюць абыякавую пазіцыю.   

Навуковец прыводзіць прыклад, што некаторыя з ксяндзоў, якія самі пераводзілі малебны з беларускай на польскую мову дзеля таго, каб запэўніць рэлігійнае кіраўніцтва ў сваёй адданасці польскасці прамаўлялі з амбоны і кляліся, што беларускае слова больш у касцёле не прагучыць. Гэтыя прыклады таксама зафіксаваныя ў кнізе гродзенскага навукоўца. 

У выніку, як заўважае аўтар манаграфій, ужо ў канцы 30 -х гадоў насамрэч слова беларускае ў каталіцкіх храмах Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад міжваеннай Польшчы, перастала гучаць.

“І нават тыя светары, якія гаварылі па-беларуску, папросту замоўклі, - канстатуе навуковец. – Бо нават калі нехта рашаўся проста сказаць казанне па-беларуску, на яго пісалі данос і лёс святара непрадказальна змяняўся”. 

Праўда,  Янка Трацяк дадае, што ў архівах захаваліся звесткі пра польскіх ксяндзоў, якія выступалі ў абарону беларускай мовы ў касцёле. Яны лічылі, што прымусова яе адтуль выганяючы, улады робяць вялікую памылку, бо гэта, маўляў, ужо палітыка і яна не можа прысутнічаць у храме Божым. Аднак, гэта былі толькі адзінкавыя выпадкі, якія не ўплывалі на тую палітыку якую праводзіла на беларускіх этнічных землях польская ўлада.

“Найбольш уразілі лёсы святароў”

Даследуючы тэму беларускага каталіцкага духавенства аўтар манаграфій прызнаецца, што найбольш з гэтага мінулага яго ўразілі лёсы саміх беларускіх святароў.

“Гэта былі настолькі пакручастыя, я б нават сказаў не драматычныя, а трагічныя лёсы, - падкрэслівае навуковец. – Людзі цярпелі нясцерпнае. Напэўна многія з іх ведалі, што нічога не атрымаецца, але ішлі да апошняга”.

У манаграфіях шмат прыкладаў пра лёсы беларускіх каталіцкіх святароў, якія пераследаваліся за беларускасць польскімі ўладамі ў міжваенны час, а потым і савецкімі ўладамі ў пасляваенныя гады. Аўтар узгадаў аднаго з іх – Віктара Шутовіча, які вярнуўся ў Беларусь пасля 10-гадовага зняволення  ў сталінскіх лагерах у 60-я гады і пасля гэтага, калі атрымліваў ліст на беларускай мове, не мог яго чытаць – трэсліся рукі, баяўся пачуць беларускае слова.

“За што людзі цярпелі?” - задаецца пытаннем навуковец. - І сам прыходзіць да высновы з даследаванняў мінулага, што хацелі, каб беларускі народ жыў у сваёй краіне, размаўляў на роднай мове і маліўся па-беларуску, развіваў сваю культуру як сваё асэнсаванне сусвету, космасу і Бога. Толькі тыя народы могуць прэтэндаваць на перспектывы і вечнасць, у якіх ёсць сваё такое разуменне. А такое можна зрабіць толькі ў сваёй незалежнай дзяржаве”.

Дзве манаграфіі пра беларускае каталіцкае духавенства, паводле Янкі Трацяка, толькі пачатак працы над гэтай тэмай. Наперадзе, паводле яго, вялікі пласт для даследавання, прычым, не для аднаго навукоўца, а для цэлага інстытуту.

Міхал КАРНЕВІЧ

 

06.02.2020

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты