Навіны

Новая рэальнасць

Страшнае слова “пандэмія” прагучала зусім нядаўна. Не хацелася верыць чалавецтву ў мажлівасць такога сэнсару, але прыйшлося. Нават Сусветная Арганізацыя Здароўя агучыла яго не адразу. Былі спадзевы на лепшае. Але спадзевы не спраўдзіліся. Прыйшлося з жахам пагадзіцца, што на планеце ўсё ж пандэмія. Гэта зараз прызналі амаль усе. Ёсць, вядома ж, і пара тройка як бы самых разумных, якія маюць сваё персанальнае бачанне. Ну, але як жа без іх. Было б дзіўна, каб такіх не знайшлося ўвогуле.

   Вірусныя інфекцыі ды іншыя хваробы прыходзілі і раней. Свіны грып, птушыны, звычайны з безліччу розных мадыфікацый таксама наведваўся штогод. І таксама не абыходзілася без ахвяр. Некалі з жахам чалавецтва пачула пра СНІД, зусім нядаўна насцярожвалася пры слове “Эбола”. Але да пандэміі справа не даходзіла. Здаецца яшчэ ўчора медычныя службы інфармавалі насельніцтва, што вельмі шмат забіраюць ахвяр сардэчныя хваробы, хранічныя хваробы лёгкіх, цукровы дыябет, туберкулёз. Усё як бы ішло да таго, што калі чалавецтва нічога не памяняе, то наступная хвароба будзе яшчэ цяжэйшай. І вось яно здарылася. Зараз увесь свет спалохана змагаецца з галоўнай бядой. З вірусам, які нават і ў назве ўкаранавалі.

   Усе іншыя кароны спалі з ганарлівых галоў. Гэты вірус нібыта заявіў, што не мы, людзі, тут галоўныя на гэтай планеце. Гэта мы ганарліва называлі сябе такімі. Але зараз аказаліся ў вельмі складанай сітуацыі. І ўжо не да гордасці. Не блішчаць адбеленымі зубамі зараз на тэлеэкранах ганаровыя галівудскія зоркі, не задзіраюць нос прынцы, не хваляцца сваім спрытам вядомыя спартоўцы, не выхваляюцца сваімі поспехамі ўдалыя бізнесоўцы і іншыя агульнапрызнаныя персоны. Усе спадзяюцца на нейкага невядомага да гэтага часу сціплага рупліўца без кароны, які вынайдзе ўрэшце вакцыну або лек. Бо нябачная карона віруса аказалася самай страшнай. І ўсе знялі перад ёй шапкі.

   На другі план адышлі паведамленні пра войны, уцекачоў, нелегальных мігрантаў, ваенныя злачынствы, парушэнні міжнародных дамоўленасцяў, захоп чужых тэрыторый, і многае іншае. Не выхваляюцца больш блакітныя экраны тэлевізараў новым дызайнам машын, куды на іх зараз паедзеш. Не хваляцца і самыя дызайнеры новымі калекцыямі моднай вопраткі, куды зараз яе апранеш. Больш не дэманструюць модніцы новы нос пасля пластычнай аперацыі. Не гавораць нават пра вынаходніцтва новай, і на гэты раз сто адсоткаў дзейснай дыеты для пахудзення без абмежавання ежы. І ўвогуле больш не гавораць пра ўсё тое, чым жылі людзі зусім нядаўна. Проста ўспамінаюць і думаюць, чым жа яны жылі.  

   Эканамічныя паказчыкі зваліліся ніжэй уяўлення пра іх падзенне. Нафту можна браць ледзьве не за дарма, але яна, нажаль, не лечыць. Нейкую надзею даюць сродкі асабістай абароны, такія як маскі ці сродкі дэзінфекцыі. Але, як аказалася, на планеце значна больш прыдумана сродкаў нападзення, чым сродкаў абароны. І напэўна толькі зараз людзі гэта заўважылі.

   Зусім нядаўна ішлі гарачыя спрэчкі пра этычнасць ці неэтычнасць пабудовы бар’ераў ад мігрантаў, зараз жа ўсе межы зачыненыя на глуха, і не толькі па перыметру, але і ў сярэдзіне дзяржаўных утварэнняў, і нават у сярэдзіне некаторых дзяржаў. Я ўжо не кажу пра забарону на масавыя акцыі. Ды што там акцыі. Нельга не толькі ў бар выйсці з хаты, але і ўвогуле выйсці без патрэбы. А спіс такіх патрэбаў складзены і ён не вельмі вялікі. Усё хутка і рашуча змянілася з адной толькі надзеяй, каб уратаваць як мага больш жыццяў і спыніць распаўсюд хваробы далей. І пакуль іншых метадаў змагання з пандэміяй не знойдзена, прыходзіцца выбіраць гэтыя.

   Зрэшты, ёсць і такія краіны, якія змагаюцца іншымі метадамі. Прыкладам, улады Туркменістана ўвогуле забаранілі слова каронавірус. А за размовы пра пандэмію можна патрапіць пад пераслед. Такое вось змаганне.

   У Беларусі з гэтым поўная свабода. Можна гаварыць гэтыя словы. І ўвогуле ўсё можна. І гуляць па барах, і хадзіць на спартовыя мерапрыемствы, і перамяшчацца ў кожным кірунку. Ну а метады абраныя суседзямі названы псіхозам. Метады абраныя уладамі Туркменістана пакуль што аніяк не каментаваліся.

   Віктар Сазонаў.   

07.04.2020 Тэгі: Віктар Сазонаў, Блог

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты