Навіны

Актывістаў затрымліваюць да суда і судзяць па некалькі разоў. Што не так у гэтай заганнай практыцы?

Апошняя сітуацыя з рэпрэсіямі над удзельнікамі акцый “кармлення галубоў” і сустрэч з блогерам Ціханоўскім прадэманстравала новы “стыль” паводзінаў у дачыненні да затрыманых актывістаў: іх судзяць, прызначаюць штраф, а потым, адразу пасля судовага паседжання, затрымліваюць ізноў і адвозяць у ІЧУ, каб потым асудзіць па іншаму эпізоду ў межах аднаго і таго ж артыкула КаАП.

Такая тэндэнцыя назіраецца па многіх судах краіны, а вось як гэта выглядае на прыкладзе Брэста:

10 мая на чарговай нядзельнай акцыі “кармлення галубоў” у Брэсце былі затрыманы праваабаронцы Уладзімір Вялічкін і Раман Кісляк. Яны правялі два дня ў Ізалятары часовага ўтрымання ў чаканні судовага паседжання, якое ўрэшце адбылося 12 траўня у судзе Ленінскага раёна г. Брэста. Рашэннем суда яны былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні правапарушэнняў, прадугледжаных арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), і пакараныя штрафамі. Пасля вынясення рашэння суда яны былі зноў затрыманыя прама ў будынку суда. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да іх вядзецца адміністрацыйны працэс па усё тым жа арт 23.34 КаАП. Такім жа чынам у  зале суда, пасля вынясення рашэнняў аб штрафах былі затрыманыя і іншыя брэсцкія актывісты: Валер Фамінскі, Дзяніс Малышэнка, Уладзімір Мароз, Віталь Казак і Уладзімір Дземенціюк.

karmlenne_galubou28.jpg
Падчас акцыі "кармленне галубоў" у Брэсце

 

13 траўня справы Уладзіміра Вялічкіна і Рамана Кісляка не былі яшчэ разгледжаныя. Вядома, што адміністрацыйная справа Рамана Кісляка прызначана на 14 траўня ў 14.30 (арт. 23.34). Такім чынам, затрыманне Вялічкіна і Кісляка ўжо перавысіла 72 гадзіны — а менавіта столькі, згодна з арт 8.4 ПВКаАП), можа працягвацца адміністрацыйнае затрыманне.

Ці адпавядае гэта літары і духу закона? На гэтае пытанне адказаў праваабаронца ПЦ “Вясна” Алег Пашкевіч:

Юрыст ПЦ

 “Па правілах ч. 5 арт. 7.4 КаАП пры накладанні спагнання за здзяйсненне некалькіх правапарушэнняў, якія ўтвараюць паўторнасць, спагнанне накладаецца ў межах санкцыі артыкула асаблівай часткі КаАП, які прадугледжвае адказнасць за дадзенае правапарушэнне”, — адзначае юрыст.

Але ці магчыма, што тыя, хто вядзе адміністрацыйны працэс, маглі не ведаць пра здзяйсненне чалавекам некалькіх правапарушэнняў? Відавочна — не, лічыць Алег Пашкевіч:

“На прыкладзе брэсцкіх актывістаў адзін і той жа суд (суд Ленінскага раёна г. Брэста) разглядае адміністрацыйныя справы на падставе пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія былі складзеныя супрацоўнікамі аднога і тога ж Ленінскага РАУС г.Брэста, і дарэчы менавіта супрацоўнікі гэтага РАУС займаюцца пераследам удзельнікаў мірных сходаў па “кармленні галубоў”. Таму ў Ленінскім РАУС не маглі не ведаць, што вядзецца два адміністрацыйных працэсы у дачыненні да аднаго чалавека, а у Ленінскім судзе таксама мусілі ведаць, што будуць разглядаць не адну, а дзве адміністрацыйных справы. Відавочна, яны маглі аб’яднаць гэтыя справы ў адну і раглядаць іх як правапарушэнні, якія ўтвараюць паўторнасць. Гэта б адпавядала закону і тым больш эканоміла б час суддзяў”.

Юрыст звяртаецца да некалькіх прыкладаў, якія паўсталі падчас судовых рэпрэсій над удзельнікамі снежаньскіх антыінтэграцыйных акцый 2019 года:

"Так, Зміцер Казлоў (блогер “Шэры кот”) у снежні-студзені 8 разоў запар атрымліваў арышт 15 сутак спачатку па ч.1, а потым увесь час па ч.3 арт. 23.34 КаАП. Менавіта на апошнім судзе, на якім ён атрымаў чарговыя 15 сутак, яго адвакатка звярнула увагу суда на гэтую заганную практыку. 

Карыстаючыся гэтай практыкай, суды гэтай зімой выносілі па 4 і болей пастановы з максімальнымі штрафамі, у дачыненні да удзельнікаў снежаньскіх пратэстаў, такім чынам у разы перавышаючы максімальную санкцыю адпаведнай часткі арт. 23.34 КаАП, парушаючы гэтым патрабаванні ч. 5 арт. 7.4 КаАП”.

Такім чынам, такая заганная практыка – рабіць кожны раз новы суд за новы эпізод, у той час калі варта было б іх аб’яднаць у межах адной справы — захоўваецца і ў дачыненны да сённяшняй сітуацыі, калі пераследуюцца удзельнікі “кармлення галубоў” і сустрэч з Ціханоўскім. Але ўсё ж такі ў выпадку берасцейских актывістаў ёсць і яшчэ адзін прыкры момант, адзначае праваабаронца:

“З аднога боку, іх затрымліваюць да суда беспадстаўна, бо згодна з арт. 8.2. ПВКаАП затрыманне можа быць здзейснена у мэтах, пералік якіх абмяжаваны, а арт. 8.4 ПВКаАП утрымлівае пералік асобаў, да якіх можа быць здзейснена затрыманне больш чым на 3 гадзіны. Праваахоўныя органы фармальна падыходзяць і злоўжываюць правам не затрымліваць тых, хто можа быць арыштаваны па рашэнню суда, бо відавочна, што без гэтага затрымання адміністрацыйная справа цалкам можа быць разгледжана і, нават калі у выніку чалавек усё ж такі атрымае арышт, нішто не кажа пра тое, што ён кіне працу, дом, сям’ю, каб на працягу года хавацца ад выканання рашэння суда. У выніку чалавек у дадатак да штрафа, часам максімальна прадугледжанага [напрыклад, Уладзімір Вялічкі па першаму суду атрымаў штраф у 50 б.в.— заўв.], атрымлівае яшчэ ад 1 да 3 сутак фактычнага арышта [бо змяшчаецца да суда ў ІЧУ –заўв.].

Тым больш, зараз пры разглядзе пратаколаў па чарзе міліцыя атрымлівае магчымасць затрымліваць чалавека да трох сутак паміж разглядамі яго справаў. І пры гэтым у выпадку Вялічкіна і Кісляка тыя двое сутак, што яны правялі па розных ІЧУ, не будуць залічаны, нават калі па новаму рашэнню суда яны атрымаюць арышт, бо першае затрыманне адносілася да першага адміністрацыйнага працэса, які скончыўся штрафам”.

Таксама праваабаронца звяртае увагу на тое, што зыходзячы з патрабаванняў ч. 5 арт. 7.4 КаАП, санкцыя артыкула можа быць прыменена на наступных судах. Уладзімір Вялічкін і некаторыя іншыя актывісты атрымалі максімальныя штрафы у межах адпаведных частак арт. 23.34 КаАП.

 З аналіза дзеючага заканадаўства вынікае: калі пасля вынясення пастановы па справе аб адміністратыўным правапарушэнні будзе ўстаноўлена, што асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, зрабіла іншае правапарушэнне, утвараючае паўторнасць з правапарушэннем, за якое яна ўжо прыцягнута да адказнасці, то пры накладанні наступнага спагнаня павінна быць улічана папярэдняе спагнанне.

“Такім чынам, калі “правапарушэнні“ берасцейцаў не цягнуць на арышт, то іх мусяць проста адпусціць і вельмі моцна выбачыцца за затрыманне. Калі іх дзеянні не стваралі пагроз дзяржаўнай ці грамадскай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маральнасці насельніцтва, правам і свабодам іншых асобаў  — а менавіта гэта мы бачым напрацягу ужо больш 2-х гадоў падчас “кармлення галубоў” у Брэсце — то не можа ісці гаворкі не тое, што пра арышт, а нават пра самы невялікі штраф”, —  падкрэсліў Алег Пашкевіч.

http://spring96.org/be/news/96897

Архіў

Ліпень 2020
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031

Відэа

праваабарончыя сайты