Навіны

Беларуская мова і на гэтых выбарах на другім плане

Трэба зазначыць, што ў параўнанні з мінулымі выбарамі, зрухі па хаця б фармальнай спробе ўжывання беларускай мовы на сайтах выканкамаў адбыліся. На мінулых выбарах назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” і журналісты закідалі выканкамы Гарадзеншчыны скаргамі, што на многіх беларускамоўных старонках райвыканкамаў адсутнічалі нават банеры пра выбары.

Зараз беларускамоўныя банеры “Выбары 2020” на беларускамоўных старонках сайтаў выканкамаў гарадзеншчыны збольшага з’явіліся, але не ўсюды. Хоць нават там, дзе з’явіліся, па часе з’явіліся пазней чым на рускамоўных старонках. Зразумела, што адначасова іх паставіць на абедзве старонкі немажліва, але чамусьці паўсюдна рускамоўныя старонкі мелі перавагу ў першаснасці.

Але і там зараз напаўненне беларускамоўных банераў адрозніваецца ад іх рускамоўных версій. Такое ўражанне, што месцамі пра іх забываюцца як пра непатрэбную лішнюю абузу. Нават на сайце Гарадзенскага выканкама, на беларускамоўнай старонцы  у банер “Выбары 2020” забыліся паставіць вельмі важную інфармацыю пра тое, што “Дакументы па вылучэнні прадстаўнікоў у склад Ленінскай і Кастрычніцкай г. Гродна камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымаюцца ў будынку Гродзенскага гарвыканкама (г. Гродна, пл. Леніна, 2/1) штодня па 17 мая 2020 г. уключна з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00. На рускамоўнай версіі гэту інфармацыю паставіць не забыліся. Нібыта лічаць, што беларускамоўныя гарадзенцы дастаткова адукаваныя, у тым ліку і ў выбарчым аспекце, і без падобных паведамленняў ведаюць калі і што трэба рабіць каб укласціся ў тэрміны, прадугледжаныя календаром выбараў.

Такая ж сітуацыя і на сайце Наваградскага гарвыканкама.

А на сайце Ашмянскага райвыканкама на беларускамоўнай старонцы нават банер “Выбары 2020” рускамоўны.

Свіслач таксама падобную аб’яву пра вылучэнне ў камісіі не паставіла на беларускамоўнай старонцы. Можа падумалі, што каму там у Свіслачы тыя выбары патрэбныя і хто там папрэцца ў тыя камісіі. Зрэшты, чым кіраваліся ў Свіслацкім райвыканкаме сказаць цяжка. Можа і нічым. Можа самыя забыліся. Падумаеш, падзея!

Ну а ў Зэльве і Смаргонях увогуле на беларускамоўных старонках не паставілі банера “Выбары 2020”. Прынамсі на 14-га траўня такіх яшчэ не было.

Выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь патрабуе, каб на старонках выканкамаў стаялі банеры пра выбары.

Відэа

праваабарончыя сайты