Навіны
Гарадзенскія праваабаронцы паскардзіліся ў ЦВК на ЦВК за дыскрымінацыю беларускай мовы
Гарадзенскія назіральнікі і журналіст кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і Уладзімір Хільмановіч паслалі ліст у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у якім указалі на недапушчальнасць дыскрымінацыі беларускай мовы, а таксама беларускамоўнага выбаршчыка па моўнай прыкмеце на сайце камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
У лісце ў прыватнасці звяртаецца ўвага, што на жаль сайт камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў інфармуе грамадзян пра выбары гэтага году толькі на рускай мове.
На беларускамоўнай версіі сайту няма нават рубрыкі “Выбары 2020” па-беларуску.
А між тым, дзяржаўная беларуская мова ёсць адной з найпершых адметнасцяў нашай краіны. Мова тытульнай нацыі не можа быць дыскрымінаваная ні ў які спосаб, тым больш, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь яна з’яўляецца дзяржаўнай, а гістарычна першай атрымала такі статус. Беларуская мова ў публічнай камунікацыі дэманструе ўсім незалежнасць нашай дзяржавы, прэзентуе адметнасць яе культуры і традыцый.
Усё сказанае датычыць і інфармацыі пра выбары ў Рэспубліцы Беларусь.
Таксама варта азначыць, што беларускамоўны выбаршчык таксама выбаршчык, і дыскрымінацыя яго па моўнай ці нацыянальнай прыкмеце недапушчальная.
Абапіраючыся на вышэйсказанае, праваабаронцы прапануюць стварыць і мець на афіцыйным сайце, на яго беларускамоўнай версіі банер “Выбары 2020” па-беларуску і напаўняць яго на беларускай мове.