Навіны
ЦВК адказвае выбарачна
Гарадзенскія праваабаронцы атрымалі адказ на свой трэці зварот у ЦВК. Зварот тычыўся выкарыстання медыкаў у выбарчых камісіях.
Гарадзенскія праваабаронцы, назіральнікі і журналіст кампаніі Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Сазонаў, Раман Юргель, Андрэй Коця, Святлана Рудкоўская і Уладзімір Хільмановіч звярталі ўвагу ЦВК, што ў створаных ТВК прысутнічаюць медыкі. Гэта, зразумела, не супярэчыць дзеючаму заканадаўству, але супярэчыць здароваму сэнсу і логіцы. Бо ва ўмовах пандэміі прафесійная занятасць медыкаў куды больш важная для грамадства, чым кожная іншая дзейнасць. Таму праваабаронцы звярталі ўвагу ЦВК, што пры фармаванні участковых камісій, медыкаў можа быць задзейнічана ў гэтай справе яшчэ больш, і прапаноўвалі выступіць з адпаведнай ініцыятывай, каб камісіяўтваральныя структуры не перагружалі медыкаў іншымі абавязкамі і не прапаноўвалі іх у склад камісій.
ЦВК адказала гарадзенскім праваабаронцам лаканічна, і па сутнасці, не адказала на галоўнае пытанне, ці будзе такая ініцыятыва. У лісце, за прозвішчам старшыні ЦВК Ярмошынай Л.М., у прыватнасці гаворыцца, што “пытанні фарміравання складу ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адносяцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (артыкул 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь), а не Цэнтральнай камісіі”. А таксама прыводзіцца статыстыка пра колькасць ужо ўключаных у камісіі медыцынскіх работнікаў. Яшчэ звяртаецца ўвага, што ў “электронным звароце ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб фарміраванні тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь няма фактаў, якія сведчаць аб парушэннях выбарчага заканадаўства”.
Адказ, які атрымалі праваабаронцы, тычыўся трэцяга іх ліста ў ЦВК. На першыя два, якія тычыліся першы фармаванню ТВК, а другі дыскрымінацыі беларускай мовы на сайце ЦВК, адказаў так і не прыйшло.
Поўны тэкст адказу:
ЦЭНТРАЛЬНАЯ КАМІСІЯ
вул. Савецкая, 11, 220010, г. Мінск, тэл./факс (+375 17) 327 19 03 E-mail: info@rec.gov.by www.rec.gov.by
|
ЦЕНТРАЛЬНАЯ КОМИССИЯ
ул. Советская, 11, 220010, г. Минск, тел./факс (+375 17) 327 19 03 E-mail: info@rec.gov.by www.rec.gov.by |
28.05.2020 № 01-14/К-232
Коцю А.А.
вул. Дзяржынскага, д. 7, кв. 30
г. Гродна
(для інфармавання іншых заяўнікаў)
Паведамляем, што ў Вашым электронным звароце ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб фарміраванні тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь няма фактаў, якія сведчаць аб парушэннях выбарчага заканадаўства.
Інфармуем, што з агульнага колькаснага складу тэрытарыяльных камісій (1989 чалавек) па Рэспубліцы Беларусь колькасць медыцынскіх работнікаў склала 54 чалавекі або 2,7% ад агульнай колькасці грамадзян, уключаных у склад тэрытарыяльных камісій.
Растлумачваем таксама, што пытанні фарміравання складу ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адносяцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (артыкул 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь), а не Цэнтральнай камісіі.
Старшыня камісіі Л.М.Ярмошына