Навіны

Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 63 тысячы

 Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 63.270 (+273 за апошнія суткі), памерла 418 чалавек (+6), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.



Трэці дзень запар сутачны прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, ніжэйшы за адзнаку 300. У папярэднія суткі новых выпадкаў было больш — 299 (смерцяў — сем).

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачунялі і выпісаныя 50.669 пацыентаў (за апошнія суткі 760). Такім чынам, вылечылася амаль 80% тых, хто захварэў.

Праведзена 1.059.299 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 15.423.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

2 ліпеня падчас уручэння дзяржаўных узнагарод Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская сістэма аховы здароўя выстаяла пандэмію каронавіруса. „Але мы не зніжаем градуса змагання, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі. І пасля канчатковай перамогі над СОVID-19 абавязкова асобна сустрэнемся з нашымі ўрачамі, якія сёння ўсё яшчэ на пасту”, — сказаў афіцыйны лідар.

1 ліпеня вярхоўны камісар ААН Мішэль Бачэлет, прадстаўляючы штогадовую справаздачу Савету па правах чалавека ў Жэневе, паведаміла, што ў Беларусі, ЗША і шэрагу іншых дзяржаў заявы, якія прыніжаюць сур’ёзнасць COVID-19, падрываюць намаганні па барацьбе з інфекцыяй, спрыяюць „палярызацыі грамадскай думкі ў ключавых пытаннях” і могуць прывесці да росту захворвання на COVID-19.

19 сакавіка на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Я каранавірус гэты называю не інакш як псіхозам, і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў шмат якія ўжо псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла”.

Паводле яго слоў, гэта „чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду”. „Але мы жывем у канкрэтнай сітуацыі і, натуральна, павінны зыходзіць з таго становішча, якое складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самага віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/kolkasts-patsverdzhanykh-vypadkau-covid-19-u-b-10/

05.07.2020
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Архіў

Жнівень 2020
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31

Відэа

праваабарончыя сайты