Навіны

Крымінальная справа 5 гарадзенцаў (дзень другі, фота)

13 студзеня ў судзе Ленінскага раёну Гародні працягваецца крымінальны працэс у дачыненні да 5 гарадзенцаў, якіх вінавацяць у парушэнні двух артыкулаў кодэксу. 

На лаве падсудных ажно 5 чалавек - браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія, Аляксандр Якубоўскі, сёстры Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова. Працэс вядзе суддзя Ганна Лявусік. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Аліна Чужаземец.

Усіх іх вінавацяць паводле артыкулаў 342, частка 1 і 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Справа пачатая за падзеі ў Гародні 6 верасня 2020 года.

У першы дзень працэсу былі заслуханыя ўсе 5 абвінавачаных.

Другі дзень працэсу пачаўся з таго, што пракурор Чужаземец зрабіла наступную заяву: "Потерпевшие опасаются за свою жизнь и здоровье, поэтому просят провести процесс удалённо. С реальной угрозой жизни, прошу применить меру безопасности, явиться в суд они не могут в связи со служебной деятельностью". На гэта адна з адвакатаў зявіла, што меры бяспекі ўжо былі прыменены, прозвішчы 11 пацярпеўшых зменены, падставаў для прымянення дадатковых мер бяспекі няма. У органы УУС пацярпеўшыя з заявамі пра пагрозы ім, ці іх родным, не звярталіся. Такім чынам няма юрыдычных падставаў і неабходнасці ім хаваць твар у судзе. Абвінавачаныя падтрымалі пазіцыю адвакатаў. Пасля гэтага суддзя Ганна Лявусік зачытала 11 заяваў "пацярпеўшых". Пасля гэтага суддзя абвесціла перапынак на 10 хвілін і пайшла ў дарадчы пакой.

Пасля перапынку Лявусік зачытала сваё рашэнне - паводле меркавання суда маюцца падставы дапытваць пацярпеўшых без іх бачнасці. Такім чынам хадайніцтва пракурора задаволена. Апытанне "пацярпеўшых" будзе ісці праз прыадчыненыя дзверы дарадчага пакою за плячыма суддзі.

Першым апытвалі "Івана Іванова". Ён заявіў, што 6 верасня напісы ОМОН на іх чорным адзенні можна было ўбачыць. Паводле яго натоўп рухаўся да моста на вуліцы Гарнавых, гэта нагадвала мітынг, бо ў руках у людзей былі сцягі, плакаты і яны выкрыквалі лозунгі палітычнага характару. Міліцыя выставіла ланцужок ад плоту да дарогі на вуліцы Гарнавых. Натоўп імкнуўся перарваць гэты ланцуг, арганізавана счапіўшыся ў "баявы парадак". Актыўных омоновцы пачалі затрымліваць, у адказ людзі адчувальна штурхаліся, але ўдараў міліцыянтам не рабілі. Боль была на роўні штуршкоў, было непадпарадкаванне людзей у час затрымання. "Іваноў" заявіў, што ўдараў асабіста яму не наносілі, але натоўп скандаваў на адрас омоновцев "Фашысты!" і гэта прычыніла яму маральныя пакуты. Абвінавачаных "Іваноў" не помніць і кампенсацыі маральнай шкоды з іх патрабаваць не будзе.

Далей адвакаты задавалі пытанні "Івану Іванову". На пытанне адваката, ці ён сам вызначыў, што з'яўляецца пацярпеўшым, міліцыянт адказаў, што гэта вызначыла кіраўніцтва гарадзенскага ОМОНу. Заяву ён пісаў асабіста следчаму. Таксама атрымліваў ананімныя тэлефанаванні праз вайбер з пагрозамі на свой адрас. "Іван Іваноў" сказаў, што дубінку ў той дзень ён не выкарыстоўваў, затрымліваў тых, хто актыўна выявіў непадпарадкаванне, хто стаяў у счэпцы і штурхаўся. Нейкай зброі, палак у людзей не было. "Іваноў" пацвердзіў, што цялесных пашкоджанняў у яго не было, судмедэкспертызы таксама не было, а з матэрыяламі крымінальнай справы ён не знаёміўся. Канкрэтна не змог назваць які боль яму прычынілі Сцепанцова і Захаркевіч, іх ён не пазнае ўвогуле. "Іваноў" не пазнае абвінавачаных, бо ў той дзень на месцы падзей на вуліцы было многа людзей.

Далей пракурор зачытала ранейшы пратакол допыту "Іванова", які у матэрыялах справы. Ад судовых спрэчак суддзя Лявусік омоновца "Іванова" вызваліла.

Пасля абедзеннага перапынку суд пастанвіў заслухаць яшчэ чатырох пацярпеўшых омоновцев - яны названыя пад прыдуманамі прозвішчамі Белы, Скорабатун, Аскерка і Петрусенка. 

Омоновец "Белы" заявіў, што нікога не затрымліваў 6 верасня. Боль адчуваў, таму што нехта па ім біў, але хто - сказаць не можа. Людзі па яго словах былі тады вельмі агрэсіўнымі, у міліцыянтаў кідалі бутэлькі з вадой, але ў яго не патрапілі. Газ паводле слоў "Белага" распылялі пратэстоўцы, а омоновцы не рапылялі газ. Натоўп разганялі толькі з праезнай часткі дарогі. Маральныя пакуты ўзніклі з-за таго, што сваякам былі пагрозы праз мабільны тэлефон. Але кампенсацыю маральнай шкоды заяўляць не будзе. У натоўпе нікога з пяці абвінавачаных "Белы" не бачыў, пра што сам засведчыў. За медыцынскай дапамогай "Белы" не звяртаўся, слядоў збівання не было. Хто канкрэтна яго біў, сказаць не можа. На пытанне Сцепанцовай, што калі яна стаяла ў счэпцы, хто мог яго біць, адказаў, што людзі, якія стаялі ззаду яго.

Далей прайшло апытанне омоновца "Аскеркі". На пытанні ён адказваў аналагічна з ранейшымі дапытанымі міліцыянтамі. Засведчыў, што нікога не затрымліваў і спецсродкаў не прымяняў. Маральных прэтэнзій да абвінавачаных ён таксама не заявіў. Абвінавачаных таксама не памятае.

Наступнымі былі апытаныя "Петрусенка" і "Скорабатун". Яны адказвалі на пытанні пракурора падобным чынам. Абодва таксама прызналі, што не памятаюць абвінавачаных. Іску пра маральную шкоду таксама не заяўлялі.

Наступнае судовае паседжанне пройдзе 14 студзеня і пачнецца а 10.30.  

фота праваабаронца Рамана Юргеля

 

13.01.2021

Відэа

праваабарончыя сайты