Навіны
Зімовы цягнік
Тыдзень назад пісаў я пра свае памятныя хвіліны, звязаныя з зімой стагоддзя на зломе 1978 і 1979 гадоў. Тады сітуацыя была такой напружанай, што цягнікі не былі ў змозе прабівацца праз гурбы снегу і пашкоджаныя марозам рэйкі. Зараз таксама будзе і пра цягнікі, і мароз.
Менавіта тры тыдні таму ў час першага атаку зімы ўрэшце ўдалося мне дабрацца на цягніку ў сваё роднае старонне. Пасля звыш двух дзясяткаў гадоў адсутнасці чыгуначных спалучэнняў на трасе Беласток — Гайнаўка ўрэшце была магчымасць падарожнічаць на маім любімым транспартным сродку, які вяртаў паўднёвую частку Падляшскага ваяводства ў цывілізацыйна-камунікацыйнае рэчышча.
Перспектыва першага падарожжа моцна мяне ўсхвалявала і я з адпаведным рэзервам часу папёр на беластоцкі чыгуначны вакзал з эмоцыямі выпісанымі на твары. Спяшаўся я быццам той юнак на натхняльную сустрэчу са сваёй непаўторнай абранніцай. На вакзале, а гэта было каля другой гадзіны пасля абеду, працавалі толькі дзве касы, да якіх стаяла адна, доўгая чарга пасажыраў на амаль усёй даўжыні вакзала. Тут мой запас часу аказаўся лагістычным поспехам, які дазваляў спакойна наглядаць і за ўнутраным дызайнам адрэстаўраванага вакзала, і сачыць за чаргой. За чаргой сачыў і чыгуначны ахоўнік, які на вока адмерваў бяспечную каранівірусную дыстанцыю паміж намі, і раз-пораз слоўна дакараў нас за блізкі кантакт з плячыма папярэдніка. Калі ўрэшце апынуўся я перад касіркай і ўзрушаным голасам папрасіў білет да станцыі Вітава на рэйс Беласток — Седльцы праз Гайнаўку, пасля пэўнага закалоту атрымаў я два білеты замест аднаго, а касірка на мяне накрычала, чаму я не гавару, што мне патрэбны два квіткі.
Але ж я ехаў першы раз і адкуль мне было ведаць, якія патрабаванні ёсць да пасажыраў, калі тыя выбіраюцца ў дарогу.
Ну і ўрэшце старт. Траса доўгая, на пероне ў пятніцу людзей многа, а тут падаюць толькі аднасегментны цягнічок, у якім пасажырам у аніякім выпадку нельга было захаваць каранавірусную адлегласць. Цягнік быў крыху даўжэйшы за маю гарадскую кватэру, але за яе шырыню ўжо неабавязкова. Кандуктарка ўвесь час напамінала мець закрытыя твары маскамі, але прынамсі не гаварыла, каб забяспечыць адлегласць паміж пасажырамі. Частку пасажыраў складалі чыгуначнікі-ветэраны з лёгка пашкоджанымі органамі слыху, таму іхнія ўспаміны пра былую зіму стагоддзя, калі яны давалі ёй адпор, несліся па кароценькім і вузкім вагоне як галасы дасведчаных настаўнікаў, што перакрыкваюцца са сваімі вучнямі.
Пры нагодзе я даведаўся, што самай любімай формай дысцыплінавання паліцыяй грамадства і змагання з каранавірусам з’яўляецца штрафаванне людзей, якія апынуліся перад абліччам улады без маскі на твары. Пачутыя гісторыі былі даволі неверагоднымі, але расказчыкі даказвалі і заракаліся, што ахвяры — гэта іх сямейнікі, добрыя знаёмыя ці суседзі. І як тады не верыць такім расказам? Але ўсе былі згодныя ў адным, што ў рэйтынгу найбольш абсурдных штрафаў лідаруюць гайнаўскія паліцыянты, затым бельскія і чаромхаўскія.
Да гайнаўскіх няма аніякага прыступу, каб ім растлумачыць узніклую сітуацыю. Едучы, не мог я зразумець аднак бачанай і чутай абсурднасці цэн білетаў паміж паасобнымі станцыямі пасля Беластока ў бок той мэтавай. Аказваецца, што танней выходзіць пасажыру куплены квіток з самога Беластока, напрыклад у Бельск-Падляшскі, чымсьці з наступных чыгуначных прыпынкаў. Давялося пабачыць і пачуць на ўласныя вочы і вушы чыгуначныя дзівосы. Ну і ўразіла будаўнічая мегаламанія — пероны даўжынёю ў трыста, а можа і чатырыста метраў. Для якога рангу цягнікоў будаваліся яны па ўсіх нашых, невялікіх міжгародніх маршрутах? — такое пытанне само ціснецца на вусны.
Наш жучок-цягнічок на фоне перона глядзеўся як беднае дзіця пры багатым сваяку. Аніякіх міжнародных суперэкспрэсаў з дзесяці вагонаў на нашых трасах ніхто не прадбачвае. А тут такая маштабнасць.
Здзіўляе і перанос некаторых перонаў у яшчэ далейшую адлегласць ад вёсак з аднайменнымі назвамі прыпынкаў. Тут атрымліваецца такі парадокс, што чыгунка не толькі спалучае, але і аддаляе.
Яўген Вапа