Навіны
"Справа чатырох": у працэсе памяняўся пракурор
25 лютага у судзе Ленінскага раёну Гародні прайшло чарговае паседжанне па так званай "справе чатырох". Гэтых людзей вінавацяць па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу. Справа ідзе пра падзеі ў Гародні 27 верасня. На лаве падсудных чатыры чалавекі: Міхаіл Юдзін, Вадзім Хіжнякоў,Сяргей Яфімовіч (жыхары Гародні) і Андрэй Севяртока (з гораду Масты).
Справу вядзе суддзя Генадзь Мазайла. На чарговым паседжанні ён абвесціў пра замену дзяржаўнага абвінаваўцы - цяпер ім стаў памочнік пракурора Гародні Сяргей Петрашко.
Сведка Сарычаў у гэты дзень не з'явіўся, пракурор паведаміў, што паступіў рапарт з Ленінскага РАУС пра немагчымасць пакуль даставіць сведку прыводам у суд. Пасля гэтага пракурор зачытваў дакументы з 4 тома крымінальнай справы.
Адвакат звярнуў увагу суда на той факт, што ўзяцце пад варту было парушана храналагічна. Пастанова пра заключэнне пад варту была аформлена 30 верасня 2020 года, а санкцыя пракурора датуецца 29 верасня (!).
Далей пракурор заявіў чарговае хадайніцтва пра паўторны выклік на суд сведкі Сарычава, а таксама пра паўторны выклік пацярпелых і высвятлення іх пазіцыі па грамадзянскіх пазовах. На гэта адвакат сказаў, што сэнсу гэта не мае, бо сведку ўжо некалькі разоў выклікалі, а пацярпелыя самы па сабе павінны прысутнічаць у залі суда. Няма сэнсу хадзіць за пацярпелымі і настойваць, каб яны падавалі іскі. Аднак, суддзя ўсё ж задаволіў хадайніцтва пракурора.
Пасля адвакат заявіў хадайніцтва запатрабаваць матэрыялы праверкі з Гарадзенскага МАСК (Міжраённага аддзелу следчага камітэту). Пракурор выступіў супраць, але суддзя задаволіў хадайніцтва па запатрабаванні матэрыялаў праверкі па правамернасці пачынання крымінальнай справы.
У працэсе абвешчаны чарговы перапынак. Наступнае паседжанне суда прызначана на 5 сакавіка на 10.30.
фота праваабаронца Рамана Юргеля