Навіны

Затрыманні і новыя крыміналкі. Пераслед у Беларусі 3 і 4 сакавіка

Праваабаронцы "Вясны" і валанцёры 3 і 4 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 4 сакавіка

Паводле інфармацыі гомельскай "Вясны", у гамяльчаніна Валерыя Крухмалава прайшоў ператрус. Цяпер ён знаходзіцца ў РАУС Савецкага раёна Гомеля. Падставы ператрусу высвятляюцца.


У Мінску затрыманы жыхар ЖК «Пирс»праграміст Ілля Квачэнка, машыну якога ўчора ноччу канфіскавалі за адмову здымаць БЧБ-сцяг з акна. Яго сёння а 8 гадзіны выклікалі па позве ў РУУС у Ждановічах. Адтуль ён не выйшаў — яго затрымалі да суда. Верагодна, на яго склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП. Суд над ім чакаецца заўтра.

Пераслед 3 сакавіка

Мінск

Стала вядома, што затрыманую ўчора падчас масавых затрыманняў палітычную блогерку Вольгу Такарчук дагэтуль утрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна. Па папярэдняй інфармацыі, яе абвінавачваюць у абразе суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем імі правасуддзя па арт. 391 Крымінальнага кодэкса.

Вольга Такарчук. Скрын з відэа
Вольга Такарчук. Скрын з відэа

 

Па інфармацыі TUT.BY яшчэ на некалькіх затрыманых учора ўзбудзілі крымінальныя справы. Па папярэдняй інфармацыі, Руслану Літвіну інкрымінуюць арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Са словаў яго жонкі, Руслана забралі раніцай 2 сакавіка "за абразу супрацоўніка міліцыі" — нібыта ён пакінуў пад нейкім допісам у сацсетцы непрыстойны каментар. 

Яшчэ адной затрыманай мінчанцы Кацярыне Карніевіч, па словах яе мужа, інкрымінуюць арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Што паслужыла прычынай — пакуль невядома.


Сёння ноччу ў жыхара ЖК «Пирс» Іллі Квачэнкі канфіскавалі аўтамабіль, нібыта за тое, што ён прынцыпова адмовіўся здымаць БЧБ-сцяг з акна, піша "Белсат". Працаўнікі ДАІ адмовілі што-небудзь каментаваць і забаранялі здымаць іх на відэа: «Не здымайце мяне. Я расцаню гэта як умяшанне ў маю службовую дзейнасць, і вы будзеце прыцягнутыя да адказнасці».

Каля 9 раніцы да яго зноў прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Спачатку яны грукалі ў дзверы, а потым у кватэры адключылі святло. Потым у квартал прыехала вышка, і Ілля вырашыў сам зняць сцяг, каб яго не сарвалі. Квачэнку ўручылі позву — 4 сакавіка трэба з'явіцца ў РУУС у Ждановічах, піша onliner.by.


Сёння ў Следчым Камітэце дапытвалі старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяну Нядбай. Пасля допыту яна выйшла на волю, там у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Меркавана, допыт тычыўся "справы Прэс-клуба".


На камісію Мінюста былі выкліканыя 7 адвакатаў, з іх 3 не прайшлі атэстацыю. На спецыяльную камісію, як паведамляе БелаПАН, выклікаюць адвакатаў, якія вядуць палітычныя справы і не хаваюць сваёй грамадзянскай пазіцыі.


Увечары ў Мінску за адмыванне мурала затрымалі 25-гадовую Таццяну Белякову. Да суда з Фрунзенскага РУУС яе змясцілі ў ізалятар.


Па інфармацыі "БАЖ", фотакарэспандэнта газеты «Новы час» Дзмітрыя Дзмітрыева выклікаюць 4 сакавіка 9:30 на допыт у Следчы камітэт у якасці падазраванага па арт. 342 КК. За восень 2020 года журналіста некалькі разоў затрымлівалі пры асвятленні акцый, пасля падзеяў 1 лістапада ён адбываў адміністрацыйны арышт і адначасова стаў падазраваным па крымінальнай справе. Як і іншыя калегі, затрыманыя ў той дзень.

Магілёў

Як паведамляе телеграм-канал магілёўскай "Вясны", юрыста магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтра "Вясна" Барыса Бухеля выклікалі ў міжраённы аддзел Следчага камітэта на 5 сакавіка. Як мяркуе Бухель, яго, хутчэй за ўсё, будуць дапытваць у межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ. Па гэтай справе 16 лютага 2021 года па ўсёй Беларусі прайшлі ператрусы ў праваабаронцаў і журналістаў. У тым ліку ператрусу была падвергнутая кватэра Барыса Бухеля.

Салігорск

Як паведамляе салігорск.org, салігорскі актывіст Уладзімір Шыла знаходзіцца ў Следчым камітэце болей за 4 гадзіны. Да яго на "гутарку" прыехаў следчы з Мінска.

Брэст і Бяроза

Учора ў Брэсце, акрамя Аляксандра Казлянкі, затрымалі таксама актывістаў анархісцкага руху Андрэя МарачаДанілу Чуля і Аляксея (прозвішча выствятляецца). Усіх перавезлі з Брэста ў мінскі ізалятар на Акрэсціна. Таксама ў Бярозе быў затрыманы Мікіта (прозвішча высвятляецца). Па папярэдняй інфармацыі, пяцярых чалавек затрымалі ў межах крымінальнай справы ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй).

Іўе

Як піша "Белсат", у мястэчку Iўе (Гарадзенская вобласць) распачалі чатыры «палітычныя» крымiнальныя справы.Тры – з нявызначанымi ўдзельнiкамi. Чацвертая – паводле артыкулу 369 КК РБ («Абраза прадстаўніка ўладаў») супраць Рэгіны Лавор, мясцовай актывiсткi. Да суда яна застаецца на волі пад закладам 120 базавых.

У Следчы камітэт выклікаюць усіх, хто меў дачыненне да пратэстаў у справе размалявання «Табакерак» у горадзе.

Навагрудак

Па інфармацыі "Радыё Свабода", 3 сакавіка ў Наваградку затрымалі пісьменьніка Міхася Зізюка. Яго пакінулі ў ізалятары да суду. Прычыны затрыманьня пакуль невядомыя. 

Інфармацыя дапаўняецца.

Затрыманні блогераў і адмінаў раённых чатаў, ды іншы пераслед за другога сакавіка

Праваабаронцы "Вясны" і валанцёры 2 сакавіка працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

 

http://spring96.org/be/news/102250

Архіў

Красавік 2021
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930

Відэа

праваабарончыя сайты