Навіны

Дыктатура атакуе

Жах і страх.Чым далей ад жнівеньскіх выбараў 2020 года ў Беларусі, тым ровень рэпрэсіі з боку дыктатарскай сістэмы Аляксандра Лукашэнкі расце проста ў трывожным тэмпе. Прысуды за нішто размерам пяці-шасці гадоў у калоніях узмоцненага рэжыму гэта проста зверства. Але маем прысуды і звыш дзесяці гадоў. На прыцэле не толькі людзі, але ўсе прадметы, рэчы, вопратка, камяні, антывірусныя маскі, якіх адсочваюць, абы толькі знайсці асацыяцыю з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам ці гербам Пагоня. Мала штрафаў і турмаў за гэта дык давай увядзем закон пра нацызм былой дзяржаўнай сімволікі, каб пераследаваць людзей, якія пад ёю ўз'яднаныя. Проста дыктатура зверства і псіхічнай адключкі. А згодна з народнымі прыкметамі ўсе дзеянні любога вар'ята нясуць пагрозу любому сустрэтаму чалавеку, ці шырэйшаму колу грамадства. Невядома, калі дурань жартуе, — асцерагалі сябе ўзаемна людзі перад такімі адзінкамі. А тут гэты палітычны псіхапатызм мае ў сваіх руках прылады дзяржаўнага тэрору прыгодныя для любога чалавечага зняволення. І з кожным днём яго распараджэнні ўзвышаюць тых, хто падвяргае мукам і катаванням свабодалюбівых беларусаў, каб знішчыць свабоду думкі і якое-колечы супрацьстаянне. На дапамогу прыходзіць ім спецыяльная тэхніка з братняй кітайскай дзяржавы, якая дазваляе імгненна падслухоўваць, ідэнтыфікаваць людзей на пратэсных акцыях, ці пераймаць поўнасцю электронную перапіску. Сістэма электроннага зняволення на паслугах дыктатараў - гэта для спецслужбаў сапраўдная магчымасць рэальна кантраляваць усіх. Усё гэта адбываецца пры поўным трыумфалізме расейскамоўнай адміністрацыйна-судовай, інфармацыйна-адукацыйнай прасторы. Рускі мір ужо не бярэ ў палон беларускую прастору, ён здзяйсняе поўны аншлюс у расейскую сістэму.

У склаўшайся зараз у Беларусі сітуацыі міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі павінны перастаць увогуле разглядаць якія-колечы крытэрыі для вызначэння колькасці палітычных вязняў у краіне. Зараз у рэальнасці ўсе грамадзяне Беларусі, нягледзячы на нацыянальнасць, узрост ці пол, з'яўляюцца рэальна палітычнымі заложнікамі, а тым самым і вязнямі. Напэўна палітычнымі вязнямі з'яўляюцца ўсе пакараныя ў адміністрацыйных і крымінальных справах, прайшоўшыя арышты і турмы гэтай сістэмы, не даўшы згоды на такое прыніжэнне чалавека. А весткі прыходзяць штораз сумнейшыя. Масавыя пакаранні турэмным зняволеннем спасцігаюць жыхароў паасобных гарадоў, членаў грамадскіх арганізацый, прафесійных суполак. На мінулым тыдні працягваўся разгон, знішчэнне і паляванне на ўсе праявы дзейнасці рэштак незалежнай журналістыкі. Рукі апрычнікаў гэтай сістэмы хочуць даканаць апошні рэальна грамадскі інфармацыйны партал tut.by, які здаўна з'яўляецца соллю ў іх вачах. Пратэсты і акцыі салідарнасці з журналістамі і кіраўніцтвам партала адбыліся ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беластоку ў мінулую нядзелю. Але вось у мінулую пятніцу ўсіх проста змарозіла вестка пра смерць Вітольда Ашурка ў шклоўскай карнай калоніі, прысуджанага сёлета да пяці гадоў зняволення толькі за тое, што быў годным беларусам Гродзенскай зямлі. Чалавек поўнай веры ў незалежную і справядлівую Беларусь вяртаецца мёртвым да сваёй сям'і і роднай зямлі. Хай прынамсі яна будзе яму пухам вечным! Бяссільнасць, гнеў і штораз часцейшыя словы пра помсту чутны па ўсёй беларускай зямлі. Вось да чаго вядзе такое разуменне лукашэнкаўскай дыктатурай «народнай згоды».

Але дыктатар не быў бы такі смелы без крамлёўскай зарукі і заходняй млявасці. Пабачыўшы, што ізноў усё размываецца ў пустаслоўі еўрапейскіх палітыкаў, менскі дыктатар у мінулую нядзелю здзейсніў учынак, які ў свеце ўжо ахарэктарызавалі як псіхічную помслівасць і палітычны міжнародны тэрарызм, прымушаючы прызямліцца ў Мінску рэйсаваму самалёту з Афін у Вільню толькі таму, што на яго борце знаходзіўся адзін са стваральнікаў тэлеграм-канала «Нехта» Раман Пратасевіч. За сваю дзейнасць ён абвінавачаны ў тэрарызме, за што пагражае яму нават кара смерці. Ясным ёсць, што такая спецаперацыя не адбылася без ведама і пэўна падтрымкі крамлёўскага цара. Здаецца, Крэмль і Мінск больш ведаюць і разумеюць пра маразм заходніх дэмакратый, чымсьці яны самі. Трэба толькі верыць, што станоўчы адказ усё-такі будзе.

Яўген Вапа

24.05.2021

Відэа

праваабарончыя сайты