Навіны

Каляндар Гарадзеншчыны на ліпень

Каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на ліпень 2021 году

4 ліпеня

30 гадоў таму (1991) – У Гародні адчынены абласны лялечны тэатар.

5 ліпеня

25 гадоў таму (1996) – У Вялікай Бераставіцы адчынены раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

6 ліпеня

100 гадоў таму (1921) – На хутары Сеніца (Слуцкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Доўбік, беларускі настаўнік, дысідэнт, вязень савецкіх канцлягероў, сябра БНФ. Працаваў у в. Вялікія Жухавічы, Радунь, Уша (Карэліцкі р-н).

7 ліпеня

225 гадоў таму (1796) – У в. Малюшычы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Ян Чачот, асьветнік, паэт, фальклярыст, філамат.

11 ліпеня

525 гадоў таму (1496) – Гародня атрымала поўнае Магдэбургскае права, якое надаў ёй прывілеем Вялікі князь літоўскі Аляксандар.

12 ліпеня

80 гадоў таму (1941) – Фашыстоўскі акупацыйны рэжым зьмяніў адміністрацыйныя межы Беларусі ў бок іх скарачэньня. У выніку значная частка Гарадзеншчыны адышла да Прусіі (Райху), некаторыя раёны – да Летувы.

13 ліпеня

155 гадоў таму (1866) – У маёнтку Нач-Брындзоўская (цяпер в. Нача, Ляхавіцкі р-н) нарадзіўся Напалеон Чарноцкі, беларускі публіцыст, перакладнік. З 1936 да сьмерці жыў у в. Вялікая Лябёдка (Шчучынскі р-н).

15 ліпеня

145 гадоў таму (1876) – У фальв. Пешчын (Шчучынскі р-н) нарадзілася Цётка (сапр. Алаіза Пашкевіч, у замужжы Кайрыс), беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, паэтка, асьветніца, выдавец.

16 ліпеня

45 гадоў таму (1976) – У Нью Ёрку (ці Хэўтгопне) памёр Янка Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, мовазнавец, гісторык, перакладнік, выдавец, публіцыст, педагог, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Нараджэнец в. Арляняты (Смургонскі р-н).

18 ліпеня

75 гадоў таму (1946) – У савецкім зьняволеньні памёр Альбін Ярашэвіч (нар. У 1879 г. у Сакольскім пав.), беларускі каталіцкі тэолаг, грамадзкі дзеяч, вязень фашыстоўскіх і савецкіх турмаў. Працаваў сьвятаром Ваўкавыскага фарнага касьцёлу ў 1927-37 гг.

23 ліпеня

115 гадоў таму (1906) – У в. Мяльканавічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Антон Валынчык, беларускі хормайстар, кампазітар, педагог.

25 гадоў таму (1996) – У Гародні адчынена аптэка-музей (у будынку езуіцкага кляштара – найстарэйшая аптэка ў Беларусі).

24 ліпеня

125 гадоў таму (1896) – У мяст. Нягневічы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Орса, беларускі педагог, доктар прыродазнаўства, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).

25 ліпеня

15 гадоў таму (2006) – У Менску памёр Янка Брыль, беларускі народны пісьменьнік. Перыядычна жыў у Загоры (Карэліцкі р-н). Пахаваны ў Калодзішчах пад Менскам.

26 ліпеня

510 гадоў таму (1511) – Наваградак атрымаў Магдэбургскае права. Наданае яно было каралём Жыгімонтам Старым.

125 гадоў таму (1896) – У в. Вялікія Жухавічы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Уладзімір Варава, беларускі пісьменьнік, журналіст.

27 ліпеня

130 гадоў таму (1891) – Памерла Бірута (Амелія Даравінская, нар. каля Вільні, 1863 г.), фальклярыстка, этнографка. Жыла і працавала ў Лідзкім пав.

31 ліпеня

80 гадоў таму (1941) – У Ленінградзе памёр Якуба Чэхаўскі, беларускі атлет і барэц. Нараджэнец Гародні.

 
01.07.2021

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты