Навіны

Вечная несправядлівасць

Кожны нармальны чалавек у сваім жыцці імкнецца да справядлівасці. Да справядлівасці людзей натуральным чынам штурхаюць іх сумленне і імкненне да праўды. Гэтае памкненне часам бывае памылковым ці супярэчлівым. Але калі існуюць відавочныя рэчы, то сумленне і жаданне справядлівасці не могуць быць непраўдзівымі, не могуць маніць. Так уласна і склалася ў Беларусі цягам апошняга году. Пры тым пераследзе абсалютна мірных людзей, іх жорсткім збіванні, катаваннях і нават забойствах ва ўсіх псіхічна здаровых людзей няма ніякага сумневу ў несправядлівасці і антычалавечнасці дзеянняў улады. Гэта бачаць і адчуваюць нават дзеці. Так што акрамя самых цёмных няшчасных бабулек у вёсках, якія працягваюць верыць хлусні з тэлевізару, усе астатнія ўсё, што дзеецца зараз ў Беларусі, цудоўна разумеюць і ўсведамляюць. За гэты год адбылася канчатковая фільтрацыя на тых, каму сумленне не дазваляе жыць як раней і тых, хто заглушыў яго ў сабе, схаваў у незгаральную шафу на сем замкоў.

Увогуле справядлівасці на гэтым свеце ніколі не было шмат, зараз ёсць яшчэ менш, а на прышласць чалавецтва хіба таксама ня трэба мець ілюзій. Але беларускай зямлі неяк асабліва не пашанцавала з гэтым. Вось ужо сапраўды - «краю мой родны, як выкляты Богам». Справядлівасць сюды не наведвалася даўно і нават надзвычай даўно. Прынамсі ўжо больш як дзвесце гадоў не заглядвала. А калі і завітвала, то зусім фрагментарна і на карацюткі час... Бальшыні суседзяў, прынамсі, шанцавала і наступалі ці выпадаюць такія перыяды...

У розных публіцыстычных артыкулах, допісах у сацсетках многія бясконца пішуць пра будучую люстрацыю, пра адказнасць «насілавікоў», суддзяў, пракурораў і прадстаўнікоў іншых дзяржаўных структур за шматлікія незаконныя дзеянні. Але тэма люстрацыі як зявы справядлівасці – асобная гутарка. Пры чым вельмі патрэбная. З іншага боку мы часта гаворым пра нашых герояў сучаснасці, што іх імёнамі назавуць вуліцы беларускіх мястэчак і гарадоў, паставяць помнікі і таму падобнае. На жаль, гэтыя словы пакуль толькі мары. На беларускай зямлі так і не ўшанавалі належна паўстанцаў 1830 года, паўстанцаў 1863 года, слуцкіх паўстанцаў 1920 года, ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, дысідэнтаў паслясталінскага часу. Многіх з іх білі, катавалі, высылалі на сібірскую катаргу і савецкія канцлагеры, дзясяткамі і сотнямі тысяч і нават мільёнамі забівалі. І амаль ніхто з дзяржаўных злачынцаў не зазнаў пазней ніякай юрыдычнай і нават маральнай адказнасці. Менавіта таму і маем зараз такое расчалавечванне ўладных структур і тэрор супраць народу.

Няма дагэтуль, на жаль, абектыўнасці нават у вызначэнні палітвязняў. Такімі на сёння ў Беларусі прызнана каля 530 чалавек. Фактычна ж іх ў два ці тры разы болей. Міжнародныя праваабарончыя структуры павінны ў такой сітуацыі дапамагчы беларускім праваабарончым арганізацыям і спрасціць крытэры прызнання палітвязнямі. Бо на самой справе атрымліваецца, што па некаторых артыкулах крымінальнага кодэксу людзей вінавацяць у гвалтоўных дзеяннях ці намерах, закліках, а давесці сваю невінаватасць пры разбураным ушчэнт прававым полі няма ніякай магчымасці. Хоць бы таму, што «следства» цэлы час падаўжаецца (пры тым рэальна следчых дзеянняў часта ніякіх няма), а зняволеныя доўгімі месяцамі сядзяць (дакладней пакутуюць) у жахлівых турэмных умовах. А потым для многіх наступае закрыты суд.

Добра было б таксама, каб асобна, апрача статусу палітвязня, быў вызначаны статус палітычна пацярпелага. Безумоўна, пацярпелых псіхалагічна, маральна, ускосна матэрыяльна ўжо сотні тысяч людзей. Але такі дыферэнцыяваны статус «палітычна пацярпелага» важна будзе надаць хоць бы ўсім тым, хто зазнаў адміністрацыйны арышт, быў збіты, прайшоў праз суд і быў аштрафаваны, звольнены з працы ў выніку палітычнага пераследу. З тым, каб пазней новая беларуская дзяржава магла выплаціць ім адэкватную матэрыяльную кампенсацыю, найперш працаўладкаваць, забяспечыць медыцынскімі ільготамі. Бо, калі нават не старацца набліжаць справядлівасць, то яна дакладна і застанецца толькі адвечнай марай.

 

Уладзімір Хільмановіч

Відэа

праваабарончыя сайты