Навіны

Па ўсёй краіне працягваюцца затрыманні і вобшукі

У Гомелі з ператрусам прыйшлі да галоўнага рэдактара выдання „Сильные новости”  Ганны Якштас, а таксама да рэдактара Ірыны Вольскай і супрацоўніцы рэдакцыі Яўгеніі Крашчук (яе не аказалася на месцы). 

Стала вядома, што да заснавальніка «Сильных новостей» Пятра Кузьняцова таксама прыйшлі органы. Таксама ў Гомелі затрыманая пенсіянерка Ала Караленка, раней яе некалькі разоў арыштоўвалі «за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах».

Як паведамляе БАЖ, за апошнія два дні праведзена не менш за 29 вобшукаў у журналістаў і ў рэдакцыях СМІ. Сем прадстаўнікоў СМІ затрыманыя. У няволі знаходзяцца 32 журналісты.

* * * 

КДБ заявіў, што ў Беларусі цяпер адбываецца „шырокамасштабная аперацыя па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў”. Па ўсёй краіне ў чацвер былі затрыманыя дзясяткі людзей, ператрусы прайшлі ў некалькіх рэдакцый незалежных СМІ.

Сёння пераслед працягваецца, паведамляе ПЦ „Вясна”. У Глыбокім сілавікі прыйшлі да журналісткі Таццяны Смоткінай. У Берасьці ператрус адбыўся ў журналіста Максіма Хлябца. Ён прайшоў у рамках крымінальнай справы аб тэрарызме. У журналіста Максіма Хлябца пасля ператрусу забралі ноўтбук і тэлефоны. Хлябец праходзіць па справе як сведка. Ён на волі.

Таксама сілавікі прыйшлі да адміністратара партала „Віртуальны Брэст” Андрэя Кухарчыка, праходзіць ператрус. Як піша @mediapolesye, ператрусы ў Лунінцы і Пінску праводзілі следчыя групы КДБ у межах крымінальнай справы «Акт тэрарызму».

Тым часам, у Менску затрымалі лекарку-артадонта Анастасію Радзічаву. Абставіны затрымання пакуль невядомыя. Цяпер яна знаходзіцца ў Партызанскім РУУС. З ператрусам прыйшлі да журналісткі партала „Онлайнер” Настассі Зянько.

Таксама ў Менску на „размову” супрацоўнікі КДБ забралі Аляксандра Гардзеева. Пасля размовы яго адпусцілі. Мінулым вечарам у сталіцы затрымалі адміністратара фэйсбук-суполкі „Письма солидарности” Сяргея Барысава. Вядома, што ён праходзіць па артыкуле 289 (акт тэрарызму).

Беларускае Радыё Рацыя

Чытай больш на: https://www.racyja.com/hramadstva/pa-usyoj-kraine-pratsyagvayutstsa-zatryman/

10.07.2021
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Відэа

праваабарончыя сайты