Навіны

Мы ўсе – журналісты

Дзень у дзень траўматычныя навіны прыходзяць з Беларусі. Дзень у дзень, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, уцякаюць людзі за мяжу. З’язджаць, як кажуць у народзе, звальваць, хочуць цэлымі сем’ямі — ад Гародні па Віцебск. Гаворыцца, што надзея памірае апошняй, але ў маіх сяброў з-за ўсходняй мяжы яе штораз менш. Як спяваецца ў адной бардаўскай песні перыяду паслявыбарчых пратэстаў, «На Родине моей беда, беда». Сапраўды, гэтае слова льецца зараз над усёй беларускай зямлёю і яе канца не відаць. Дыктатарам знішчаюцца, а можа лепш сказаць выпальваюцца, усе структуры і асобы з незалежнай думкай. Няма аніякага выбару — або пасадзяць, або паспееш уцячы. На мінулым тыдні адбыўся далейшы працяг расправы над рэшткамі незалежных медыя і іх журналістамі. Відаць, што тут усё было спланаванае — і зачыстка сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў, і самой арганізацыі ідзе поўным ходам. Таксама як «Нашай нівы», партала TUT.BY, тэлеграм-канала Hrodna.life, брэсцкіх віртуальных выданняў, тэлеканала «Белсат», «Радыё Рацыя» ці «Еўрарадыё», прадстаўнікоў журналістыкі польскай нацыянальнай меншасці. Журналістаў збіваюць, штрафуюць, саджаюць у турмы. Зараз звыш трыццаці журналістаў знаходзіцца на турэмных нарах. На жаль, чарговыя людзі з нашай прафесіі апынуцца ў тым жа месцы. Мы, беларусы ў Польшчы, выказваемся супраць такога варварства і здзеку, які мае зараз месца на нашай духоўнай Бацькаўшчыне. Мы не павінны маўчаць, але праяўляць нашу падтрымку ў розных, магчымых формах, даступных кожнаму з нас.

Акцыя салідарнасці з незалежнымі журналістамі мела месца ў апошнюю нядзелю перад Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Беластоку, што па вуліцы Электрычнай, а затым удзельнікі акцыі сталі ў ланцугу па вуліцы Браніцкага, каб людзі ў машынах і аўтобусах маглі бачыць пратэстуючых беларусаў Беластока. Прымаючы чарговы раз удзел у такіх акцыях, якія мелі месца цягам апошняга года, я поўны павагі для іх арганізатараў. Узгадваю першае аграмаднае шэсце з Рынку Касцюшкі пад Генконсульства, вуліцай Сянкевіча і Алеяй Пілсудскага, дзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі аб’ядналіся беларусы з абодвух бакоў мяжы з салідарнымі з намі беластачанамі, палякамі. Упершыню тады ў такім маштабе грамадская прастора Беластока асвойвалася нашай нацыянальнай прасторай. Ідучы і размаўляючы паміж сабою, мы адчувалі гордасць за нашу нацыю. Узгадвалі святой памяці, нашых старэйшых аўтарытэтаў, такіх як Сакрат Яновіч, Юрка Туронак, Юрка Латышонак, Янка Жамойцін, Юрка Геніюш, якія на ўласныя вочы не змаглі пабачыць такога векапомнага шэсця.

На акцыі салідарнасці ў Беластоку

То менавіта дзякуючы тым усім акцыям беларуская сімволіка, мова, спеў, выстаўка пачала функцыянаваць у адкрытай беластоцкай прасторы. Для многіх з нас такая рэальнасць стала нечаканасцю, што з беларускімі справамі так трэба менавіта рабіць. Для многіх беларусаў, жыхароў сталіцы Падляшша гэта стала чарговым пераадоленнем нашых нацыянальных комплексаў, таксама як і для аселых апошнімі гадамі грамадзян Рэспублікі Беларусь. Палітычнае фармаванне разумення незалежнай беларускай дзяржаўнасці адбываецца вось таксама і на нашых вачах у беластоцкай рэчаіснасці.

Таму стоячы ў апошнім пікеце салідарнасці, задумваўся я над тымі справамі, якія адмянілі аблічча нашага горада, але таксама далі і нам зарад энергіі, якая напэўна спатрэбіцца ўсім, каб вытрымаць і выстаяць супраць лукашэнкаўскай дыктатуры. Калі слухаю гісторыі людзей, якія не па сваёй волі апынуліся ў Беластоку, то бачу, што ўжо не спыніць той беларускай веры ў сваю незалежную дзяржаву. І калі зараз Лукашэнка пляжыць журналістаў, то ён не разумее, што незалежнымі журналістамі з’яўляецца ўжо беларускае грамадства. І гэтага не адабраць, не знішчыць, не перамагчы.

Яўген Вапа

17.07.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Відэа

праваабарончыя сайты