Навіны

Божыя і прыродныя знакі

Прыціснула ўсіх жара ў гэтым годзе — і людзей, і жывёлу. У так высокай тэмпературы, спалучанай з праліўнымі дажджамі толькі размнажацца ўсялякім авадням і камарам. Пад прыцэл гэтых невыносных чалавеку насякомых патрапіў і я два тыдні назад у пушчанскай прасторы. Чарговыя дні запар стаяла невыносная жара. Слупок ртуці на тэрмометры, які вісеў у цяні, дзе цягам цэлага дня не даходзяць сонечныя прамяні, паказваў бязлітасна паміж 34 і 35 градусаў цяпла.І так дзень у дзень. Другі тэрмометр на акне ў родным доме быў завешаны з паўднёвага боку і так бліскавічна награваўся, што не хапала шкалы, каб паказаць тэмпературу, якая жарам ішла ад сонца. Адным словам, панавала тэмпература, ад якой забірала дыханне не толькі наехаўшым у вёску летнікам, але і старажылам, якія знялі з ног ваўняныя шкарпэткі і распрануліся аж да рубашак.

Наш сямейны дом распаложаны на ўскраіне вёскі, дзе адразу пачынаюцца былыя сенажатныя лугі, над якімі зараз разагрэтае паветра мянілася ў сонцы быццам на кінакарціне з афрыканскай саванны. Кожны подых ветру прыносіў у бок хаты хвалю ўдарнага, распаленага, паветра, што ўлівалася праз сцены і вокны ўсярэдзіну. А на двары чалавеку проста займала дыханне. Атрымлівалася натуральная прыродная лазня, да якой, калі ёсць магчымасць, люблю пабываць восеньскай ці зімовай парою. Замест цыркуляцыі гарачага паветра майстрам пары пры дапамозе бярозавага веніка і яго паху, атрымлівалі мы натуральную ароматэрапію з пахам лугавых траў і кветак, што ўліваліся ў ноздры з кожным ветраным подзьмухам.

Лугі пры такім надвор’і сталі проста ідэальным месцам для размножвання не толькі птушынаму свету, але раем для ўсіх грызучых і бзыкучых, што ў бліскавічным тэмпе і колькасці хацелі заявіць аб сваім зямным існаванні і прытым споўніць свой біялагічны абавязак размнажэння пры абавязковым удзеле чалавечай і звярынай крыві. Ахвярамі іх ненасытнасці ў гэтым годзе сталі не толькі пушчанскія людзі, але і гарадскія, якім камары даядаюць у кожным месцы і ў любую пару дня. Аднаго дня, зайшоўшы ў прадуктовую краму з кандыцыянерам, пачаў я раптам біць сябе па руках і твары, бо камары трапілі ў сярэдзіну крамы і рабілі сваю адвечную справу.

Вяртаемся аднак у мой бацькоўскі куток і прыродакружэнне. Стомлены стоячай увесь дзень жарою, вырашыў я проста падыхаць паветрам вечаровай парою. Выйшаў на лавачку перад дом і паспеў толькі рассесціся, калі раптам у мой бок бачу лятучую і гучную... кулю камароў. Не хмару, як мы раней параўноўвалі іх аграмадную колькасць, але сфарматаваную, ударную адзінку, быццам ракетную боегалоўку, гаворачы мілітарнай мовай, якая за мэту свайго спланаванага ўдару ўзяла маё цела. Мая абарона пры дапамозе рук аказалася беспаспяховай і, скапітуляваўшы перад такім ударам, бегам панёсся ў сярэдзіну хаты. Ахалонуўшы ад такой атакі і не могучы надалей заснуць ад гарачыні, вырашыў выйсці ізноў на двор і паўглядацца ў зорнае неба. Гэтым разам камароў не было, а зорны акіян заварожваў сваёй бязмежнасцю і яркасцю. І раптам па тым начным небе пачалі прабягаць і пабліскваць маланкі. Адна за другой. Неяк страшна зрабілася мне па душы. Якія ж гэта знакі высылае нам сіла прыроды, ці мо Божая прысутнасць? На другі дзень у сваю чаргу на бясхмарным, сінім небе пачало грымець і то даволі моцна. На ўсе мае сумненні наконт пабачанага і пачутага, мой бацька са спакоем адказвае ўжо ад некалькіх гадоў наступным чынам: «Калі людзі не пакаюцца за свае грахі, то выгінуць і пазабіваюцца без вайны. А то ўсё знакі Божыя на небе, а на зямлі, што зараз робіцца, самі бачым — заразы, жара, паводкі. А ад таго то і прырода таксама мяняецца». Гэтай змены дасведчыў я і на наступны дзень, калі ў пяць гадзін раніцы на двары заатакавала мяне такая хмара слепакоў, што былі гатовыя з’есці ўсё, што мела ў сабе пот і кроў і апынулася на іх дарозе. Мой брат мусіў сысці з панадворка не праз жару, але праз гэтыя конскія мухі. «Да Пятра і Паўла авадні, пасля іх слепакі», — адкрыў яшчэ адну народную мудрасць наш тата. А ў тым летнім паветры лётала столькі рознаколерных матылькоў, якіх, у такой колькасці не памятаю нават з дзяцінства. Ці таксама кружыліся ў танцы перасцярогі?

28.07.2021

Відэа

праваабарончыя сайты