Навіны

Звяры і грыбы

Ужо ад некалькіх гадоў у летні перыяд тыдзень часу бесперапынна праводжу са сваімі бацькамі ў маім пушчанскім куточку. Не раз і не два апісваў я ў гэтым месцы, што дзеецца сярод апошніх тутэйшых абарыгенаў, а таксама як прыродны лад атакуе і адбірае ўсё напрацаванае потам, слязамі і мазалямі людзей, якім выпала замахнуцца на веліч звярынай і лясной імперыі. Цяпер абяссіленым, хваравітым туземцам ізноў часцей прыходзіцца аглядаць звяроў пад сваімі вокнамі, чымсьці сустрэць і ўбачыць людзей на вуліцы, асабліва зімовай парою. Але вернемся зараз да лета і свежых уражанняў ад чарговай пабыўкі. Пушчанскі чалавек як толькі завітае ў родную хату, бяжыць адразу ў лес, каб скінуць і выкінуць з сябе ўсе дрэнныя эмоцыі і гарадскі рытм жыцця. І калі раней трэба было зважаць, каб не ўлезці ў каровін ці сабачы ляпняк, то зараз у выніку абязлюдзення вёсак і заняпаду жывёлагадоўлі фінальны прадукт стрававальнай сістэмы гаспадарскіх жывёл зрэдку можна сустрэць у лесе. Затое трэба зважаць, каб не ўступіць у зубрынае ці аленевае дзярмо. Выняткам з’яўляюцца няшчасныя дзікі, якіх паляўнічыя перабіваюць бязлітасна ў сувязі з афрыканскай чумой свіней. Таму дзічынага смуроду і іхніх нарытых бярлог не ўбачыш зараз у пушчанскім краявідзе.

Тое, што робіцца вакол нашага паселішча, гэта безліч пратаптаных лясной звярынай сцежак. І не адзін раз аматары вандровак па пушчы ці шалёныя грыбнікі ўвальваюцца ў грыбы, пасаджаныя пушчанскімі жывёлінамі. Застаецца толькі сорам і пасланыя пад носам маты наконт сваёй няўвагі. Нездарма мой бацька паўтараў нам, жэўжыкам, што ў лесе вочы трэба мець адкрытымі з усіх бакоў галавы. Занадта мы таго спачатку не разумелі, але з гадамі зразумелі ў чым справа. Ну і падвышанае ўслухоўванне, што чуваць вакол нас, гэта асноўныя правілы быту ляснога чалавека. Што гэта за такі абавязак як для малога, так і старога, пераканалася нядаўна адна жанчына, для якой справа закончылася амаль трагічна. Гэтае здарэнне маланкава абабегла ўсё наваколле. Гісторыя двухтыднёвай даўнасці распачалася з наведвання жанчынай аднаго з могільнікаў, дзе запаліла знічы на магілах сваіх блізкіх. Прыехала яна сюды на машыне з горада і, здзейсніўшы свой маральны абавязак, вырашыла даць выраз грыбному шаленству прыпушчанскіх аўтахтонаў. Асабліва, што ўяўленні і эмоцыі запаланілі пераказваныя па тэлефоне навіны пра шчасліўчыкаў, што вярталіся з кашалямі ў сто ці дзвесце прыгажуноў-баравікоў, а не якіхсьці іншых прадстаўнікоў грыбной сям’і. Ганарысты пушчанскі грыбнік не заварочвае сабе галавы і не надае пільнай увагі іншым гатункам. Кожны год нясе з сабою спецыфіку месцаў, дзе высыпаюцца менавіта баравікі. Адзін раз гэта бярэзнікі, другі раз дуброва, трэці — стары лес, чацвёрты — маладнякі. І так на перамен баравікі ўладараць эмоцыямі і нервамі аматараў збірання грыбоў. Зараз, у жніўні, пайшла навіна, што грыбы з’явіліся ў маладых сасновых насаджэннях, праз якія цяжка прадзірацца на поўным росце, а найлепей то хіба паўзці на каленях. У такі менавіта лес, насаджаны на былым полі, дзе нядаўна яшчэ ў гэту пару была пожня па жыце ці аўсе, бо нічога іншага не расло на той пяшчузе, накіравалася з могільніка згаданая жанчына. Знайшоўшы адразу некалькі баравікоў, перла ўперад заўзята з вачыма ўбітымі ў зямлю, забыўшыся пра ўвесь Божы свет. Загледжаная ў грыбы, проста напаролася ў лоб зубру, які адпачываў у тым сасонніку. Зубры найчасцей уцякаюць ад людзей, калі бачаць іх здалёк. Тут аднак для абодвух бакоў неспадзяваным аказалася лабавое сутыкненне. У такой сітуацыі звярыны інстынкт самазахавання ўзяў гару і аматарка грыбоў апынулася на рагах пушчанскага караля. Толькі хіба дзякуючы цуду Божаму параненай удалося ўцячы. Дабегшы да машыны, выклікала яна хуткую дапамогу. Зараз цяжка раненая жанчына знаходзіцца ў бальніцы.

Паважаныя, закранутыя шалёнай хваробай збірання грыбнікі, будзьце сапраўды асцярожнымі ў час сваіх экспедыцый! Вашы вочы і вушы мусяць абавязкова працаваць на чатыры стараны свету, каб не трапіць у пастку лясных нетраў.

24.08.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты