Навіны

Жаль і страх

У мінулым тыдні ў гэтым месцы апісаў я пачатак сезона грыбнога шаленства, якое можа таксама перайсці ў трагічныя сустрэчы з уладарамі пушчанскіх нетраў — зубрамі. Зубры зубрамі, але задавальненне грыбніка ад сваіх абарыгенных трафеяў значна больш важнейшае, чымсьці страх перад звярынай. Калі так папраўдзе задумацца, то збіранне грыбоў — апошні выяўленчы імператыў дзеяння генетычнага, паляўнічага коду пушчанскіх беларусаў, даступны мужчынам і жанчынам. Бо так хіба яно і ёсць, што не збіранне, а паляванне за грыбамі — адзінае, што засталося нам дазволеным з далёкай мінуўшчыны. Забыўся я тут пра адну дазволеную справу, якая характэрная для збіральніцкай пушчанскай культуры, а менавіта хадзіць у пошуках рагоў. Але гэта занятак для сапраўдных, ужо нешматлікіх пушчанскіх абарыгенаў. Але цяпер рэальна паляваць не можна, высякаць у пушчы дрэў нельга, а праз большую частку года пушчанскія дарогі сцерагуць знакі з надпісам: «Уступ у лес забаронены». У такой сітуацыі засталося толькі ганяцца за грыбамі, быццам бы нашы продкі за звярамі. Таму вельмі мяне радуюць чарговыя пакаленні прыпушчанскіх фамілій, сённяшнія трыццацігодкі і маладзейшыя, што адкрываюць і развіваюць у сабе прагу вольнага вандравання па лесе... прынамсі за грыбамі. І прыгадваецца мне адразу дакументальнае, папулярнае амерыканскае кіно, даступнае ў кабельных сетках, пра старажылаў амерыканскіх пушчаў і запаведнікаў прыроды, за якімі пакінута права на паляванне і апрацоўку здабытага мяса, шкур, рагоў. Не гавару ўжо зараз пра непарушнасць права на зямлю для аўтахтонных індзейцаў.

У нас ужо ўсё змянілася ў пушчанскім свеце. Прыходзіць капец статыстычнай беларускай большасці, то-бок нацыянальнай меншасці ў ахоўнай зоне Белавежскай пушчы. Але ходу гісторыі, эканоміі і часу не ў змозе стрымаць жменька мясцовых аднапляменнікаў. Не было б гэтага ў такім маштабе, калі б не наш уласны самадур — сваім не дам, чужым аддам. У кожнага з нас многа такіх гісторый пра «своеасаблівы» падыход да зямельнай і хатняй спадчыны бацькоў і дзядоў.

Гэты элемент грыбнога і беларускага лёсу хачу завершыць успамінам пра прыпеўку майго дзеда, які менавіта ў гэтую пару пад носам выспеўваў сабе такія словы: «Пуйшоў дід по грыбы, баба по опэнькі і споткалісь, полюбілісь, сталі молодэнькі». Мая мама і бабуля не надта ўсхвалялі такое дзедавае выхаванне ўнукаў у яўна архетыпнай сексуальнасці людзей лесу. Але ж зараз гэтыя кароценькія словы колькі даюць пазнавальнага пра хаджэнне за грыбамі ў яго сямейна-эмацыянальным вымярэнні. Ну і вечны эліксір маладосці кожны стараецца адшукаць знаёмымі яму сродкамі перш за ўсё ў сваім натуральным асяроддзі.

Зараз аднак з той натуральнай інтымнасцю пушчанскага люду тугавата з-за непрадбачлівага згушчэння людзей і тэхнікі ў пушчанскай памежнай паласе. Ужо не толькі зубры, алені, ваўкі могуць нам нагнаць страху ў грыбных пошуках, але па прычыне запрашэння дыктатарам Беларусі ў грыбы мігрантаў. На літоўскі, польскі, латышскі бок мяжы, у Еўрасаюз вырашылі выбрацца тысячы жыхароў Ірака, Афганістана, Егіпта і іншых экзатычных нам краін. Гасцінная, дружалюбная краіна-кармушка Аляксандра Рыгоравіча ўзяла дзенюжкі за іх прылёт самалётамі афіцыйных авіякампаній, але не захацела прыняць іх на даўжэйшую гасціну ў асяродках улады.

Пад аховай ночы ўсаджвае тады мігрантаў-турыстаў у аўтобусы ды давозіць іх на межы вышэйзгаданых еўрапейскіх краін. Там пры дапамозе шчытоў, палак, карабінаў паказвае дарогу за грыбамі толькі ў адным напрамку. Мігранты часта былі перакананы, што яны трапілі адразу ў Нямеччыну, без зваротнай дарогі. У адказ на грыбнікоў з беларускай памежнай паласы з’явіліся ў нас памежнікі, вайскоўцы, дроны, верталёты. Адным словам распачаўся вэрхал ужо прынамсі на еўрасаюзным узроўні.Тады носа з хаты лепей не высоўваць, каб не патрапіць у поле зроку службоўцаў на ваенізаваным надта хутка куску знаёмай мяжы. Пушчанскаму чалавеку застаецца толькі жаль і страх у такой рэчаіснасці — жаль па несабраных грыбах і страх перад вайною.

Яўген ВАПА

26.08.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты