Навіны

Яшчэ пра ашуканства

Пачаў я апавядаць у мінулым нумары пра наш свет татальнага ашуканства. Практычна немагчыма не стаць яго ахвяраю. Нават калі ты разумееш, што цябе падманваюць, а зрабіць нічога з гэтай сістэмай ня можаш. Дык вось чарговая абяцаная гісторыя. Паехаў тыдзень таму адзін мой сябра з Беластоку ў Вільню – меў там справы і мусіў да ўсяго заначаваць. У пошуках начлегу зайшоў на адзін з сама папулярных сайтаў, які аказвае патрэбныя пасярэдніцкія гатэльныя паслугі. Знайшоў гатэльчык ці хостэл і хутка зарэзерваваў сабе начлег. Пры тым здзівіўся, як хутка электронная сістэма спісала з яго карткі грошы. Прыехаўшы ў Вільню, доўга шукаў мой прыяцель патрэбны адрас, урэшце знайшоў і той гатэльчык, які апынуўся нейкай сумнеўнай начлежкай з процьмай людзей падазронага роду заняткаў. Ці трэба далей казаць, што пра ніякую электронную рэгістрацыю там і слухаць ніхто не захацеў, праўда, мясцовы размеркавальнік шматярусных спальных месцаў за грошы прапанаваў пасяліць змучанага дарогай вандроўніка. Сябра мой адмовіўся і на яго шчасце непадалёк знайшоў цалкам прыстойны і недарагі гатэльчык, дзе і атрымаў начлег. Там на рэцэпцыі яму сказалі, што ён не першы такі ашуканы з рэзервацыяй той начлежкі. Але ж калега звяртаўся праз вельмі вядомы і афіцыйны рэсурс! Наступны тыдзень пайшоў у яго на працяглую перапіску з адміністрацыяй таго сурёзнага сайту. Пакуль выцягнутыя махлярамі грошы не ўдалося вярнуць. І нешта падказвае, што так і не ўдасца.

Расказаў я тут вышэй гісторыю наўпроставага махлярства зламыснікаў. Але куды часцей у паўсядзённым жыцці і побыце даводзіцца сутыкацца ўсім нам з, так бы мовіць, прыхаваным ашуканствам, аформленым у прывабную «абгортку» рознага кшталту. Вось, прыкладам, шукаеш, знаходзіш, выбіраеш у маркеце патрэбную табе рэч, цешышся з даступнай прымальнай цаны, але на касе выяўляецца, што тая рэч істотна даражэй, чым напісана на цэтліку. Высвятляецца, што цэннікі нібыта проста пераблыталі, маўляў, тое, што было танней і ляжала на той паліцы, ужо прадалі, а патрэбная табе рэч каштуе больш. Што ў такой сітуацыі зробіць пакупнік – правільна – найчасцей усё ж набудзе выбраную рэч. А цэннікі ў харчовых супермаркетах тым больш «зашыфраваны» так, што галава закруціцца. Асабліва шкада тут людзей у сталым веку, якія як не прыглядаюцца да тых стракатых і хітра напісаных і размешчаных цэтлікаў, усё роўна непазбежна падмануцца. Ды і кожны ў той ці іншай ступені самаашукаецца – бальшыня пакупнікоў не любіць скандаліць і як што пераплаціць лішняе, абы не псаваць сабе настрой яшчэ больш. І сядзяць цэлыя аддзелы маркетолагаў і працуюць над сваімі разнастайнымі «вынаходніцтвамі». Пра фальшывую рэкламу нават і гаварыць ужо не варта – гэта напэўна яшчэ сама «чэсны» спосаб падману.

У сферы харчавання і адпачынку іншыя віды прыхаванага, калі не ашуканства, то гэткага «элегантнага» вымантачвання. Змяніліся ранейшыя меркі, ранейшыя звыклыя дзесяцігоддзямі, а то і стагоддзямі падыходы. Раней літар быў літрам, паўлітра – паўлітрамі, кілішкі стограмовікамі, ці напалову ад іх. Такія класічныя ёмістасці. А цяпер замест літра – то 0,90, то 0,95, а нават і 0,97 ужо ёсць. І так далей... І скажу вам, што гадоў 5-7 таму такога яшчэ не было. Прынамсі, на тэрыторыі нашых краін Усходняй Еўропы. Гэта прыходзіла неяк паступова, незаўважна і ўкаранялася, ламаючы і змяняючы звыклыя падыходы і ўклады.

Усё гэта, канечне, дробязі ў параўнанні з палітычнымі аферыстамі і прафесійнымі ашуканцамі ў грамадскай сферы. Але зараз нават цяжка сказаць, што тут першаснае – гэтыя грамадска-палітычныя махлярскія плыні, ці эканамічна-карпарацыйныя бізнэс-колы з іх ненажэрнай прагай нажывы. Хто задаў кірунак таго, што ашуканства разнастайных відаў і формаў стала чамусьці нормай нашага варяцкага часу. І што можа гэта спыніць, навярнуць на нармальнасць. Праўдападобна, што нават жудасная эпідэмія ковіду не схамянула чалавецтва. Далей нават страшна думаць, чым усё скончыцца.

Уладзімір Хільмановіч

Відэа

праваабарончыя сайты