Навіны

Мяжа бесчалавечнай гульні

Мінулыя выходныя пастрашылі тым брыдкім, восеньскім абліччам. У пятніцу вечарам тэмпература яшчэ трымалася каля пятнаццаці градусаў, каб ужо ў суботнюю раніцу зляцець да шасці і трымацца на такім узроўні ртутнага слупка і ў нядзелю. Многія не верылі такім раней агучаным па радыё і тэлебачанні прагнозам надвор’я. Холад падмацоўваўся ідучым без перапынку дожджыкам і ветрам, што патрапіў закруціць і засвістаць за нашымі вокнамі. Адным словам, хто не мусіў прабываць за такой пагодай на двары, ці выконваць іншыя запланаваныя там загадзя абавязкі, то масціў сабе ў хатнім цяпле адпачынкавыя абставіны. Скрыгаталі зубамі грыбнікі, што за такім холадам могуць перастаць расці любімыя імі лясныя трафеі. Дождж даў ім надзею, пахаладанне яе рэзка панізіла. Але ведаючы жыццё і грыбніковую азартнасць, нягледзячы на ўсё пацягнуліся яны ў свае любімыя і скрываныя месцы.

Мне менавіта першы, восеньскі, дэпрэсіўны подых прыйшлося правесці ў родным, бацькоўскім гняздзе ў пушчанскім кутку. Траскучы агонь пад кухоннай плітой не даваў змерзнуць, а наадварот пачуццё ўтульнасці ўлівалася ў чалавечае цела. У такі момант добра проста ўглядацца ў акно з думкай, як гэта добра, што не знаходзішся па яго другім баку. Аднак як не дзіўна, але на вясковай вуліцы дзеялася вельмі многа. А ўсё па прычыне машын памежнай стражы, якія раз-пораз праязджалі па нашай брукаванцы. У нядзелю з’явіліся тут праездам і салідныя паліцэйскія машыны з нейкай тэхнічнай апаратурай на борце. Ну што ж, блізкасць мяжы і ўвядзенне надзвычайнага становішча ў памежнай паласе наносіць карэктывы ў дасюлешняе вымярэнне санлівасці і цішыні гэтай тэрыторыі. Толькі потым пазваніў мой сябра і паведаміў, што нагляданая мною актыўнасць мундзірных службаў вынікае акурат з факту ўдалага перасячэння гэтага адрэзка мяжы групай уцекачоў з беларускага лесу. Так яму сказаў, затрымаўшы яго да праверкі, паліцэйскі патруль. Ягоная вёска апынулася ў зоне абмежаванняў, а мая не. У апошнім часе нават пачалі знікаць тут і сталыя кантрольныя пункты праверкі падарожнікаў. Відаць, было тут спакайней, як на іншых адрэзках польска-беларускай мяжы. А для ахоўнікаў большай праблемай былі тут, здаецца, едучыя на машынах шалёныя грыбнікі, чымсьці тыя нелегальныя пасланцы лукашэнкаўскага турызму. Але, відаць, прыйшла чарга і на гэтыя месцы. Як гавораць статыстыкі памежнай стражы, зараз акурат маецца пік сутачных спроб перасячэння мяжы з беларускага боку. І, здаецца, будуць гэта не апошнія спробы. Як перадаюць польскія палітыкі, зараз у Беларусі знаходзіцца каля дзесяці тысяч людзей гатовых за грошы, заплачаныя рэжыму ў Беларусі, у кожны спосаб патрапіць у абяцаную ім Нямеччыну. А тут не атрымліваецца. На жаль, скарыстанне спецаперацыяй Аляксандра Лукашэнкі чалавечай бяды і наіўнасці нясе за сабою аграмаднае мора людскога цярпення. Мігранты сталі заложнікамі спланаваных дзеянняў у розных вымярэннях гібрыднай вайны, якая перанеслася зараз на наш адрэзак еўрасаюзнай мяжы.

На жаль, як ужо бывала і ў нядаўнім мінулым, такая напружанасць і эскалацыя нелегальнай міграцыі прыносіць з сабою і смяротныя ахвяры. Вось тое першае сур’ёзнае пахаладанне і атрымалі мы паведамленні пра першыя смяротныя ахвяры сярод уцекачоў у выніку пераахаладжэння арганізма. Таксама і пра тое, што ўжо некалькіх уцекачоў удалося выратаваць ад такой смерці. Але такія трагедыі, як відаць, палітычнымі арганізатарамі незаконнай міграцыі ўпісаныя ў сцэнарый падзей. Таму, дай Божа, так звычайна, па чалавечай справядлівасці, каб тыя людзі адказалі за такое злачынства не толькі перад Божым судом, але і зямным. Такія проста думкі ціснуліся мне ў галаву, а дрыжыкі-мурашы пайшлі па мне, спаглядаючаму ў акно ў цёплай, роднай хаце непадалёк польска-беларускай мяжы. Мяжы, якая пачынае крывавіць і прыносіць людзям смерць.

Яўген ВАПА

23.09.2021 Тэгі: Яўген Вапа, Блог

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты