Навіны

Адзінства для аднаго

На фоне страшэннага расколу ўлады і грамадства ў Беларусі, які паглыбляўся гадамі і выйшаў на свой пік летась, у дзяржаве бягучы 2021 год нібы ў насмешку ці нават здзек быў абвешчаны годам «народнага адзінства». Зразумела, што пра ніякі дыялог ці тым больш перамовы і замірэнне ўлады з грамадствам гутарка не ішла ад пачатку. На такія крокі сённяшняя дзяржава не здольная проста ў сілу сваёй прыроды. «Адзінства» у разуменні ўлады – гэта найперш поўнае і рабскае падпарадкаванне людзей дзяржаўным сілавым органам і бюракратычным структурам кіравання. Паслухмянасць і выкананне дзяржаўных заданняў – гэта і ёсць для яе «адзінства».

Вельмі характэрны і дзень, абраны рэжымам для ўсенароднага святкавання – 17 верасня – у гонар абяднання Усходняй і Заходняй частак Беларусі ў 1939 годзе. Увесь апошні год кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь сістэмна і паслядоўна сеяла і распальвала нянавісць практычна да ўсіх суседзяў. Ну акрамя, канечне, свайго старэйшага крамлёўскага брата, які летась чарговы раз уратаваў рэжым, прычым на гэты раз ужо ад поўнага фізічнага краху. Падаецца і дзень святкавання быў абраны, каб найперш дагадзіць маскоўскім гаспадарам. Невыпадкова ж і ў Расеі дзень народнага адзінства наўпрост звязаны з дачыненнямі з Рэччу Паспалітай. Прыгадаю тут, што расейцы з 2005 года святкуюць такі дзень 4 лістапада – а прымеркавана гэта да далёкіх падзей 1612 года, калі маскоўскае апалчэнне «вызвалілася» ад войскаў Рэчы Паспалітай і ў іх Масковіі скончылася «смутное время». Нібы з таго 1612 года ў Расеі наступіла поўнае шчасце. Але ж «умом Россию не понять», хай там ушаноўваюць, што хочуць і як хочуць...

Само ж святкаванне Дня народнага адзінства не выклікала ў Беларусі ніякага энтузіязму. У гэтай дзяржаве, ўсё што звязанае з уладамі і іх дзеяннямі, фальшывае, штучнае, неарганічнае, паказушнае, і ўсё большыя пласты грамадства гэта разумеюць і усведамляюць. У Гродне, прыкладам, нягледзячы на ўсе высілкі ўладаў па арганізацыі розных мерапрыемстваў і канцэртаў, на цэнтральных пляцах у той «дзень адзінства» было зусім пуста. І не толькі з-за халоднага надворя і дажджу. Таму і ўзнікае ўражанне і нават перакананне, што прыдуманы гэты дзень быў толькі для адзінага палітычнага персанажа, які кожным коштам намераны ўтрымліваць сваю ўладу. І прыдумана гэтае свята было толькі для аднаго – далейшага распальвання сацыяльнай, нацыянальнай, палітычнай варожасці, стварэння вобразу «астраўка стабільнасці» у атачэнні драпежных і агрэсіўных суседзяў. Сістэмныя правакацыі ў бок сумежных Літвы і Польшчы дапоўніліся такім дэманстрацыйным выклікам датай 17 верасня, якая ў Польшчы ўспрымаецца і ацэньваецца, канечне, зусім не так як у Беларусі. Пры тым дзяржаўныя прапагандысты чырвонага Мінску не пашкадавалі чорных фарбаў ў сваіх тэлевізійных і іншых медыйных агітках. На авансцэну выйшлі і афіцыёзныя дзяржаўныя гісторыкі. Але ці ім – людзям якія сістэмна бэсцяць беларускія нацыянальныя каштоўнасці, нашу спрадвечную нацыянальную сімволіку і нашых вялікіх герояў – даваць ацэнкі той складанай гістарычнай падзеі 1939 года?!

А ў Беластоку тым часам адкрылі музей памяці Сібіры. Пашчасціла быць на яго ўрачыстым адкрыцці і на ўласныя вочы пабачыць, як важная памяць пра трагічныя падзеі дваццатага стагоддзя і пра іх ахвяры. Тое, што для палякаў і беларусаў Падляшша – ужо даўняя гісторыя, якую тым не менш належыць ведаць і памятаць, для Беларусі, на жаль, суровая рэчаіснасць і сённяшняга дня. Рэнесанс ідэалогіі сталінізму адбыўся за апошняе дзесяцігоддзе літаральна на нашых вачах. Да даты 17 верасня дзяржаўная газета Беларусі «Звязда» выйшла факсімільным нумарам з партрэтамі Молатава і Сталіна. Гэта яшчэ раз яскрава засведчыла каштоўнасныя ідэалагічныя арыенціры кіраўніцтва дзяржавы. Пра музеі ўшанавання шматлікіх насельнікаў Беларусі, знішчаных злачынным камуністычным рэжымам, беларусы пакуль могуць толькі марыць...

 

Уладзімір Хільмановіч

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты