Навіны

140 гадоў з дня нараджэння Яна Тарчэўскага

Беларускі грамадскі дзеяч, нашанівец, настаўнік Ян Тарчэўскі нарадзіўся 10 кастрычніка 1881 года ў засценку Асінаўка (Ашмянскі р-н). На пачатку свайго самастойнага жыцця непрацяглы час быў даверанай асобай, кіраўніком маёнтку Варата Пецярбурскай губерні Лугаўскага павету ў палкоўнічыхі Ганенфэльт. Неўзабаве вярнуўся на родную Ашмяншчыну. У час рэвалюцыі 1905-07 гадоў у Ашмяне і ў сваім засценку Асінаўка праводзіў палітычную і агітацыйную працу, ладзіў патаемныя сходы, вечарыны, дзе чытаў беларускія кніжкі, адозвы і іншую літаратуру. Пашыраў на Ашмяншчыне «Нашу Ніву», пісаў у яе пад рознымі псеўданімамі. Браў удзел у дыскусіі, якім шрыфтам друкаваць «Нашу Ніву». Выступаў за лацінку. Як згадвалі сучаснікі, Тарчэўскі не адзін раз быў у першых шэрагах розных маніфэстацыяў, якія праходзілі ў Ашмяне. Паводле слоў сучаснікаў, дух змагара віраваў у Тарчэўскім.

З выказвання В. Пакульневіча, сябра КПЗБ, Ян Тарчэўскі быў паліткатаржнікам. У 1911 г. Тарчэўскі спрабаваў заняцца прыватнай юрыдычнай практыкай на Ашмяншчыне, пра што сведчыць копія даверчага ліста ад 15 студзеня 1911 года, выдадзеная ашмянскім натарыусам. У канцы 1915 года Тарчэўскі ўжо ў Туле: разам з Т. Будзькам спрабаваў там заснаваць фотапавільён, фатаграфічную майстэрню. Аднак тульская гарадская ўправа не змагла забяспечыць майстэрню электрычнасцю. Тарчэўскі вярнуўся зноў на Ашмяншчыну, стварыў сям’ю, займаўся гаспадаркай і асветніцкай працай.

На пачатку 1920-ых гадоў, ужо пры Польшчы, ён апякаваўся школьніцтвам, вучыў дзяцей беларускай мове, беларускай гісторыі, браў чынны ўдзел у розных беларускіх соймах, якія ладзіліся ў тую пару ў Вільні нацыянальнымі дзеячамі. Тарчэўскі быў кнігаром ашмянскай кнігарні Беларускага выдавецкага таварыства. Ставіў спектаклі паводле п’есаў Аляхновіча – «Птушка шчасьця», «Страхі жыцьця». Блізкімі сябрамі яго былі святары В. Гадлеўскі і А. Станкевіч, а таксама вядомы заходнебеларускі дзяяч А. Стэфановіч.

На нацыянальны грунт Тарчэўскі прыйшоў праз творчасць Францішка Багушэвіча, быў пароднены з Багушэвічавічамі, меў шлюб з Марыяй, дачкой Францішкавай сястры Ганны. Доўгі час у засценку Тарчэўскага перахоўвалася Багушэвічава бібліятэка, сямейны Багушэвічаў альбом, іншыя рэчы. Паводле некралогу, змешчанага ў газеце «Bielaruskaja krynica», быў шчырым, адданым працаўніком на беларускай ніве. За што не адзін раз цярпеў вобыскі, рэвізіі, сядзеў у астрозе. Тарчэўскі быў шырока вядомы на Ашмяншчыне і ў суседніх паветах як чалавек добрай душы і беларускі дзяяч яшчэ з часоў нашаніўскай пары. Маючы здаровы беларускі розум, не любіў і лічыў за шкодную праяву падзел беларускага адраджэнцкага руху на партыі, не хацеў фармальна належаць ні да аднае беларускае палітычнае партыі і ставіўся да іх нагэтулькі прыхільна, наколькі дадзеная партыя стаяла на грунце арыентацыі на Беларусь. Ён стараўся заўсёды аб’ядноўваць як беларускія палітычныя арганізацыі, так і асобных людзей, не баючыся публічна сказаць праўду ў вочы і найбліжэйшаму нават асабістаму прыяцелю, калі бачыў шкоднасць ягонай дзейнасці для беларускай справы.

Памёр Ян Тарчэўскі 29 верасня 1929 года, пахаваны на Ашмянскіх каталіцкіх могілках паблізу каплічкі. Пачаткова шыльда на крыжы была зроблена па-беларуску

 

 

 

 

 

10.10.2021 Тэгі: каляндар

Архіў

Іншыя навіны

Відэа

праваабарончыя сайты