Навіны

130 гадоў з дня нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага

   Выбітны беларускі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся 14 красавіка 1885 году ў вёсцы Максімаўка (тагачасны Вялейскі павет, цяпер Маладэчанскі раён Мінскай вобласці). У нашай гісторыі ён ведамы як публіцыст, рэдактар, паэт, грамадска-палітычны дзеяч. Арганізатар і сябра ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамадыБеларускай народнай рады.

   У 1900-1904 гадах Міхайлоўскі вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, потым настаўнічаў ў гэтым краі. У час рэвалюцыі 1905-07 гадоў быў выбраны сялянамі хадаком у Дзяржаўную думу. За распаўсюд сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым змушаны з’ехаць у Крым. У 1912 у Феадосіі скончыў педінстытут. Пасля вярнуўся на радзіму, дзе пачаў арганізоўваць беларускія школы. Стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады.

   У 1914-ым Рак-Міхайлоўскі быў мабілізаваны ў расейскае войска, ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915-ым (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Мінску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918-га – сябра Рады БНР. У 1918-19 – сябра Беларускай вайсковай камісіі. У 1918-20-ых жыў у Гродне, працаваў у беларускай гімназіі. Стала друкавацца як публіцыст пачаў з 1919-га. Пісаў пад псеўданімамі Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак.

   У 1920-22 гадах быў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах. Пра гэта сведчыць і адмысловая шыльда на абшарпаных мурах колішняга барунскага базыльянскага кляштара. Адначасна з восені 1920-га – настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. У 1922-ім абраны дэпутатам сейма Другой Рэчы Паспалітай. З 1923-га – сябра Цэнтральнай школьнай рады (з 1926-га – Галоўнай управы) ТБШ. З 1925-га – намеснік старшыні ЦК БСРГ. З 1926-га – сябра КПЗБ. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ», сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні.

   Рак-Міхайлоўскі быў арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ у студзені 1927-га, праз некалькі месяцаў віленскім акруговым судом на «працэсе 56-і» асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэння апеляцыйнага суда вызвалены ў 1930-ым. Увайшоў у склад камітэта «Змаганне». З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930-га перабраўся ў Мінск. Але трапіў па-сутнасці з агню ў полымя. З лютага 1931-га году і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ДПУ БССР 16.8.1933 у Мінску па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Рашэннем судовай калегіі АДПУ СССР ад 9.1.1934 як «аргані­затар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прыгавораны да расстрэлу, прысуд заменены на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Адпраўлены на Салаўкі, але ў верасні 1937-га этапаваны ў Мінск; 14.11.1938 «асобай тройкай» НКУС БССР прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 27 лістапада 1938-га.

   Быў рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА ў 1956-ым. У Маладэчне імем Сымона Рак-Міхайлоўскага названа вуліца. Дадамо, што менавіта Міхайлоўскі напісаў музыку да рамансу на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Але з-за таго, што Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведкавай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў аднайменнай оперы аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку.

 

14.04.2015 Тэгі: акцыі, затрыманьні

Архіў

Лістапад 2019
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Відэа

праваабарончыя сайты